Эскалацыя той самай вайны



Пасля самых працяглых, амаль 15-гадзінных, перамоваў лідары Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны дасягнулі пагаднення ў справе канфлікту ва Украіне. Яно прадугледжвае спыненне агню ў поўнач з суботы на нядзелю і адвод цяжкой артылерыі, аднак у поспех менскіх перамоваў, хаця з іх вынікамі пагадзіліся нават лідары сепаратыстаў, не ўсе вераць.

Аглядальнікі ў адзін голас сцявярджаюць, што ніводзін з удзельнікаў менскіх перамоваў не перакананы ў іх поўным поспеху. “Мы дасягнулі агульнага паразумення ў справе спынення агню і цэласнай, палітычнай развязкі ўкраінскага крызісу,”- заявіў прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Са свайго боку канцлер ФРГ Ангеля Меркель заявіла пасля перамоваў, што цяпер “ёсць пробліск надзеі” для Украіны. Затое па словах расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна: “Нам удалося дамовіцца ў справе ўрэгулявання крызісу і не тармажэння мірнага працэсу”. Пуцін заявіў, што Украіна павінна правесці канстытуцыйную рэформу з думкай пра павагу да правоў расейскамоўнага насельніцтва на Усходзе Украіны. Было ўзгодненае пытанне абмену ваеннапалоннымі і вызвалення пілоткі Надзі Саўчанкі, а таксама стварэнне буфернай зоны шырынёю 50-70 кіламетраў. У сваю чаргу Парашэнка дадаў, што з тэрыторыі Украіны павінны быць поўнасцю выведзеныя ўсе замежныя войскі і да канца бягучага году адноўлены кантроль над дзяржаўнай мяжою. Гэта мае стаць магчымым пасля правядзення ў Данбасе новых выбараў. Па яго словах не можа быць і гутаркі пра ніякую аўтаномію для Данбасу альбо федэралізацыю. Апроч таго, удзельнікі менскіх перамоваў плануюць рэгулярныя сустрэчы дзеля ацэнкі выканання дасягнутых дамоўленасцяў.

Незважаючы на змест дамоўленасці, які адразу ў чацвер быў прадстаўлены на саміце лідараў Еўразвязу, большасць адмыслоўцаў не вераць у поспех гэтага перамоўнага марафону. Вось у ноч, калі ў Менску вяліся перамовы, каля 50 расейскіх танкаў ды іншая цяжкая зброя перасякла мяжу з Украінай,” – паведаміў прэс-сакратар Рады Нацыянальнай Бяспекі і Абароны Украіны Андрый Лысенка. Цікавую думку наконт вынікаў менскіх перамоваў выказаў пракрамлёўскі палітолаг, адзін з ідэолагаў праекту “Наваросіі” Сяргей Маркаў. „Цяпер усе будуць чакаць, хто раней абваліцца. Вашынгтон будзе чакаць, што раней абваліцца Масква і спыніць падтрымку Наваросіі. Кіеў будзе чакаць, што раней абваліцца Данбас у выніку гуманітарнай і сацыяльна-эканамічнай блакады. Расея будзе чакаць, што раней абваліцца Кіеў, альбо стоміцца партыя вайны ў Вашынгтоне кідаць рэсурсы на вайну супраць Расеі,” – заявіў Маркаў. Ён у ніякім разе не засмучаны вынікам менскіх перамоваў, як дарэчы з чатырох лідараў у найлепшым настроі быў Уладзімір Пуцін. Вынікамі перамоваў яўна былі задаволеныя таксама лідары сепаратыстаў: Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі.  “Думаю, сёння дасягнута вялікая перамога як Данецкай, так і Луганскай народнай рэспублікі», – заявіў Захарчанка.

Хутчэй за ўсё менскія пагадненні не будуць выконвацца гэтак як і ўсе ранейшыя дамоўленасці пра спыненне агню. Дзеля гэтага хопіць адной правакацыі: аднаго крывавага стрэлу жылых кварталаў, у чым адзін бок будзе вінаваціць другі. Здзіўляе таксама той факт, чаму расейская мяжа мае быць закрытая ажно ў канцы году. За гэты час цераз адкрытыую мяжу сепаратысты атрымаюць гэтулькі зброі і вайскоўцаў, што яны не захочуць ні з кім размаўляць пра ніякае перамір’е. Яны свабодна захопяць новыя тэрыторыі, а Крэмль будзе ўвесь час заяўляць, што ён тут ні пры чым: маўляў, нас не слухаюцца.

Калі б пасля менскіх перамоваў задацца адным асноўным пытаннем: ці яны прынеслі вайну ці мір, дык больш верагодным быў бы адказ: эскалацыя той самай неаб’яўленай вайны.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ