“Гібрыдныя” псеўдазаўзятары



Саюз Еўрапейскіх Футбольных Асацыяцыяў ( UEFA) наклаў на футбольную зборную Расеі ўмоўную дыскваліфікацыю і пакараў штрафам у памеры 150 тысяч еўра. Гэта азначае, што калі паўторацца брутальныя, хуліганскія беспарадкі з удзелам расейскіх заўзятараў, расейскую каманду здымуць з далейшага ўдзелу у Чэмпіянаце Еўропы.

Рашэнні UEFA – як правіла – тычацца толькі інцыдэнтаў на стадыёнах, падчас матчаў, у дадзеным выпадку – у Марсэлі. Аднак да сутычак паміж заўзятарамі даходзіла яшчэ да пачатку матчу – на вуліцах гораду. У выніку пацярпелі каля 30 чалавек. Пра аднаго цяжка парененага чалавека паведамляецца, што ён у коме. Французкая паліцыя затрымала 20 найбольш агрэсіўных заўзятараў, пераважна ангельцаў, бо расейцы хутка зьбеглі. Аднак пазьней былі затрыманыя 43 расейцы і праўдападобна яны будуць пакараныя альбо як мінімум – дэпартаваныя. Расейскі Футбольны Саюз асудзіў дзеяньні расейскіх заўзятараў, заклікаў іх да стрыманасьці, да падпарадкаваньня мясцовым законам і французкай паліцыі. Незважаючы на гэты заклік і пакараньне «зборнай», расейскія псеўдазаўзятары накіраваліся у Ліль, дзе сёньня адбудзецца матч Расея-Славаччына. У адным з бараў у Ліля з-за брыдкаслоў’я паміж расейцамі і англічанамі пачалася  бойка. У рух пайшлі лаўкі, крэслы і шклянкі, аднак хутка ўмяшалася мясцовая паліцыя. Раней французкая паліцыя затрымала каля Кан групу з 50-ці расейскіх заўзятараў і мае намер дэпартаваць іх з краіны.

Спартовыя каментатары звяртаюць увагу на факт, што дагэтуль, цягам дзесяцігоддзяў, у бойках, хваляваньнях і хуліганскіх вылазках лідзіравалі англічане. Аднак яны амаль у адзін голас заяўляюць, што расейцы стварылі мадыфікаваны, брутальны тып хулігана. Іх нават цяжка назваць заўзятарамі, хаця майкі і татуіроўкі сьведчаць аб тым, што яны з’яўляюцца фанатамі „Спартака”, „Дынама” ці „Лакамтыву”. Многія з іх відавочна прыехалі дзеля бойкі, з намерам адлупцаваць найперш ангельцаў і паказаць ім іхнае месца.

Па словах аднаго з расейцаў, які прадставіўся як Уладзімір, зараз ангельскія заўзятары далікатныя бы “ паненкі”, тоўстыя, нахлёбаныя півам, слабыя фізічна. Яны проста вартыя жалю, – лічыць Уладзімір. Абараняючыся, яны кідаюць крэслы і бутэлькі, затое расейцы скарыстоўваюць выключна рукі і ногі. Яны, як правіла, мускулістыя і вывучаюць усходнія віды барацьбы. На многіх відэароліках, закінутых у сацыяльныя сеткі, бачна, што яны вельмі брутальныя. На адным з такіх ролікаў бачна, як расейцы б’юць нагамі па галаве лежачых, непрытомных супернікаў. На іншым роліку бачна, як сталага жыхара Марсэлю расеец адным ударам кулака паваліў на зямлю. Расейцы дзейнічаюць арганізавана, бы вайскоўцы, як бы згодна раней распрацаванай тактыцы. Нападаюць і імгненна збягаюць. У медыя з’явілася акрэсленне “гібрыднага хулігана”, нечага накшталт тых “зялёных чалавечкаў” на Крыме.

Дыскваліфікацыя расейскай каманды на Еўра-2016 азначала б шмат праблемаў. Тады праўдападобна прыйшлося б перагледзець рашэнне аб арганізацыі Чэмпіянату сьвету у 2018-м годзе у Расеі. З другога боку, проста цяжка сабе ўявіць, каб адхіленая ад удзелу ў сёлетнім Чэмпіянаце Еўропы Расея сардэчна запрасіла да сябе фанатаў футболу з усяго сьвету. UEFA проста папярэдзіла расейскія улады, каб яны самі разабраліся з гэтай хуліганскай турыстыкай.

Мабыць самае горшае ва усім гэтым тое, што дэманстрацыя сілы расейскіх псеўдазаўзятараў мае у Расеі сваіх абаронцаў. “Мы бачым, як брытанскія медыі ўсяляк выступаюць за тое, каб адняць у Расеі права араганізацыі Чэмпіянату сьвету,” – заявіў расейскі футбаліст Арцём Дзюба. Дэманстрацыя брутальнай сілы імпануе нават намесьніку спікера Дзярждумы Ігару Лебедзеву. Ён напісаў у Твітэры: “ Не бачу нічога страшнага у бойках заўзятараў. Наадварот. Нашы хлопцы – малайцы. Гэтак трымаць”. Відаць ён зблытаў спорт з палітыкай і хоча, каб Расеі баяліся не проста на міжнароднай арэне, але нават на спартовых трыбунах.

Пры такім падыходзе з боку UEFA тым болей не павінна быць ніякай паблажлівасьці. Хопіць ужо гэтай расейскай нахабнасьці і грубай сілы.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ