Грабарка: “добра нам тут”



На Святой Гары Грабарцы завяршыліся сёлетнія ўрачыстасці з нагоды вялікага свята Прэабражэння Гасподняга. Сёлетнія багаслужбы прыцягнулі мабыць большую чым звычайна колькасць вернікаў таксама з-за прысутнасці мошчаў свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага. У сераду па палудні яны пакінулі Грабарку і накіраваліся ў далейшае падарожжа, у Бельск Падляшскі, затым Зверкі, Беласток і Супрасль. Раней, яны пабывалі ў Варшаве, Яблачынскім манастыры, у Цярэспалі і ў Белай-Падляшскай.

Сёлета, прысутнасць мошчаў святога Спірыдона стала тым дадатковым стымулам для прыбыцця на Грабарку. Частка мошчаў свяціцеля, права рука, была перададзена праваслаўным грэкам Папам Янам Паўлам Другім і захоўваецца на выспе Корфу. Гэты свяціцель, які жыў у III-IV стагоддзях з’яўляецца ахоўнікам сям’і, удоваў і сіротаў, а таксама заступнікам у рознага кшталту бедах і прыродных катаклізмах. Вялізная чарга вернікаў выстраілася да мошчаў адразу з моманту іх прыбыцця ў аўторак у 17 гадзін. У свяце прынялі ўдзел дзясятак праваслаўных іерархаў з Польшчы і з замежжа, прыблізна паўсотні святароў і вялікая, шматтысячная колькасць вернікаў. Як падкрэсліў падчас учорашняй вячэрняй багаслужбы Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, пілігрымкі ў рознай форме, найперш пешыя, з аддаленых нават больш за 100 кіламетраў мясцовасцяў, сталі добрай традыцыяй гэтага свята. З Беластока на Грабарку прыбыла сёлета ўжо ХХХ-я арганізаваная, пешая пілігрымка. У сваёй прамове Мітрапаліт шмат увагі прысвяціў “бежанству”, якое было драмай праваслаўя на гэтых землях. Многія з бежанства не вярнуліся, альбо не мелі куды вяртацца. Іхныя дамы і храмы былі альбо знішчаныя альбо занятыя іншымі і бежанцы-уцекачы сталі чужымі на сваёй роднай зямлі. За ахвяр бежанства маліліся падчас начной паніхіды. Зрэшты багаслужбы, якія пачаліся ў аўторак у 17 гадзін працягваліся ўсю ноч. Акрамя Акафісту святому Спірыдону было жалобнае набажэнства, а затым тры начныя Літургіі. Падчас іх сотні вернікаў, якія раней спавядаліся, прыступалі да Прычасця. Урачыстасці завяршыліся пасля поўдня галоўнай Святой Літургіяй, якая пачалася 19 жніўня ў 10 гадзін.

Варта адзначыць, што ў галоўнай Святой Літургіі прыняў удзел новаабраны прэзідэнт Польшчы – Анджэй Дуда. Вітаючы яго Мітрапаліт Сава заявіў, што “наша малітва, бы анёльскія крылы, акрыляе Вас у пачатку Вашага прэзідэнцтва”. Іерарх адзначыў, што прысутнасць прэзідэнта ў гэтым месцы дазволіць яму лепей зразумець сутнасць Праваслаў’я, якое на працягу больш як 1000 гадоў польскай дзяржаўнасці заўсёды было прысутнае ў Польшчы. Прэзідэнт Анджэй Дуда цёпла падзякаваў за запрашэнне на гэтую урачыстасць. Ён адзначыў, што прыбывае сюды ў двайной ролі. Як кіраўнік дзяржавы ён павінен удзельнічаць у падзеях важных для грамадзян. З другога боку, як вернік-каталік ён хоча проста памаліцца разам з праваслаўнымі ў агульнае для ўсіх хрысціян свята Прэабражэння, у прысутнасці рэліквій свяціцеляў часоў непадзеленай Царквы, якія акрамя таго звязаныя з асобай Папы-паляка. Яго кароткая, але змястоўная і прыемная для кожнага праваслаўнага вуха была ўспрынятая апладысментамі. Напэўна, яна прыдасць новаму прэзідэнту сімпатыі з боку праваслаўных. Нават, калі яны разумеюць, што ў гэтым больш палітычнага разліку чым шчырай павагі да праваслаўных.

У любым выпадку, сёлетнія ўрачыстасці на Грабарцы пакідаюць вельмі добрае ўражанне. Гэта і вялізная колькасць вернікаў, і прыкметы глыбокай рэлігійнасці, і прысутнасць неправаслаўных, і шырокае асвятленне ў медыях і ўсё лепшая арганізацыя рэлігійных мерапрыемстваў. Вельмі добра, што тыя неадчэпныя шапікі і крамы максімальны адціснутыя па-за тэрыторыю манастыра. Уражвае ангажаванасць моладзі, тых валанцёрскіх службаў, якія знакаміта пільнавалі парадку у такім вялізным, стыхійным згуртаванні людзей і аўтамабіляў.

Грабарка існуе ўжо 300 гадоў, але за кароткі час, цягам апошніх дзесяцігоддзяў, яна сапраўды стала той “праваслаўнай Чанстаховай” і становіцца візітнай картачкай Праваслаў’я ў Польшчы. Будучы сёлета на Грабарцы, за апосталам Пятром на Гары Фавор хочацца паўтарыць: “Госпадзе. Добра нам тут”.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ