Касцёл і дзяржава: разам ці паасобку?



“Спроба падзядліць тое, што належыць Касцёлу і дзяржаве – неадпаведная”,- заявіў у мінулыя выходныя ў Чанстахове мясцовы Мітрапаліт, Арыцбіскуп Вацлаў Дэпа. Яго словы выклікалі шырокі водгук і гарачую дыскусію, як у палітычных колах, так і ў грамадстве.

“Нам не пагражае канфесійная дзяржава, але хлусня, якая прытвараецца праўдай, і грэх, які прыкідваецца дабром”, – заявіў Арцыбіскуп на Яснай Гары падчас свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. На гэтае свята традыцыйна штогод прыбываюць дзясяткі тысяч пілігрымаў з усяе Польшчы. У той самы дзень выпадае і дзяржаўнае свята Польскага Войска, устаноўленае ў памяць аб перамозе над бальшавікамі ў 1920-м годзе. Спасылаючыся на Кардынала Стэфана Вышынскага, Арцыбіскуп адзначыў, што нельга штучна аддзяляць справы Касцёла, дзяржавы і народу. Па яго словах, у духу Другога ватыканскага Сабору епіскапат нясе адказнасць за лёс і Касцёла і народу.  Гіерарх таксама працытаваў словы Яна Паўла Другога , які ў свой час заявіў, што “нельга ствараць фікцыю свабоды, якая нібыта вызваляе чалавека, а на самой справе запаланяе і разбэшчвае”. “Хрысціянін абавязаны абараняць каштоўнасць веры і розуму”, – дадаў Арцыбіскуп і працытаваў пазіцыю епіскапату ў справе абароны чалавечага жыцця. Тут варта адзначыць, што год таму Арцыбіскуп Дэпа выказаўся за стварэнне спісу “добрых” і “ дрэнных” медыяў, а таксама дбайнасці пра тое, каб каталік ведаў, што яму можна чытаць і глядзець.

Заява Арцыбісупа Дэпа выклікала бурную рэакцыю з боку палітыкаў, пры чым галасы расклаліся паводле партыйнай прыкметы. Прадстаўнік апазіцыйнай партыі “Права і Справядлівасць” Яцэк Сасін заявіў, што ён падзяляе думку Арцыбіскупа Дэпа. Многія заканадаўцы атаясамліваюць сябе з Касцёлам і няма нічога дзіўнага у тым, што прыймаючы законы, яны кіруюцца хрысціянскімі каштоўнасцямі. Ён нагадаў, што заканадаўства ўвогулу абапіраецца на маральную сістэму Касцёла. Спікер Сойму Малгажата Кідава-Блоньска, якая таксама лічыць сябе каталічкай, заявіла, што несумненна “Касцёл – важны інстытут і мае вялікі ўплыў на палякаў. Аднак Польшча -дзяржава канфесійна нейтральная. Законы прыймаюцца для ўсіх, для вернікаў і для атэістаў”, – заявіла яна. Раней, падчас выбарчай кампаніі, таксама прэм’ер Эва Копач, якая дэкляруе сябе веруючай, заявіла, што яна “паважае Касцёл, епіскапат, біскупаў і нашу хрысціянскую традыцыю, але людзям трэба даць магчымасць выбару”. Эканаміст Рышард Пэтру, лідар новай партыі “Мадэрныя”, дадаў, што ён таксама лічыць сябе веруючым, але такія заявы, як Арцыбіскупа Дэпа, гэта найкарацейшы шлях да дэхрысціянізацыі Польшчы. Праз 50 гадоў нашы касцёлы будуць пустыя, гэтак як у Францыі”.

Прастаўнікі левых сілаў адразу нагадалі, што аддзяленне Касцёла ад дзяржавы запісанае ў Канстытуцыі з 1997-га году. Ужо ў прэамбуле гаворыцца, што народ, гэта “усе грамадзяне, гэтак тыя, якія вераць у Бога як крыніцу праўды, справядлівасці, дабра і прыгажосці, як і тыя, хто не падзяляе гэтай веры, але тыя самыя ўніверсальныя каштоўнасці выводзіць з іншых крыніцаў”. У 25-м артыкуле Канстытуцыі гаворыцца, што “дзяржаўная ўлада захоўвае бясстароннасць у пытаннях рэлігійных, светаглядных і філасафічных перакананняў, гарантуючы свабоду іх выказвання ў публічнай прасторы”. Дзяржава і Касцёл паважаюць аўтаномію адзін аднаго.

Па-мойму, заява Арцыбіскупа Дэпа проста правакацыйная і нікому непатрэбныя. З трох існуючым мадэляў адносін Царквы і дзяржавы: варожага аддзялення, прыязнага падзелу і зліцця, сімфоніі, у Польшчы існуе гэтая другая, самая аптымальная мадэль. Яна поўнасцю здала экзамен. У ёй нічога не трэба папраўляць. Маюць рацыю тыя, якія кажуць, што калі народ, гэта ў большасці каталікі, дык дзяржава не можа быць аддзеленая ад народу. З другога боку ёсць у Польшчы і некаталікі, а таксама ўвогуле атэісты, і яны таксама маюць права існаваць у гэтай дзяржаве. Нават не ўсе каталікі ва ўсім пагаджаюцца з епіскапатам. Адсюль такія заявы толькі ўзмацняюць недавер да Касцёла, які хоча мець вырашальны ўплыў літаральна на ўсе сферы жыцця. Аднак гэта роўназначнае з “іранізацыяй”, ці “клерыкалізацыя” Польшчы, а на гэта напэўна не будзе згоды сярод большасці палякаў.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ