“Хто без граху – хай першы кіне камень”



У Польшчы працягваюцца гарачыя дэбаты на тэму Леха Валэнсы, які аказаўся супрацоўнікам камуністычнай службы бяспекі. Кіруючая ў Польшчы партыя “Права і Справядлівасць” хоча скасаваць імя “Валэнсы” нават з назвы гданьскага лётнішча, а яшчэ іншыя патрабуюць, каб Валэнса вярнуў грошы за Нобелеўскую прэмію міру.

“Я ужо даўно гаварыў, што нельга людзям ставіць помінкаў пры іхным жыцці,”- заявіў дэпутат ад ПіС Анджэй Яворскі. Ён прапануе назваць Гданьскае лётнішча імем “Салідарнасці”, “Дывізіёну 3003”, альбо Анны Валентыновіч. У сваю чаргу “Аб’яднанне Рэпрэсаваных і Інтэрнаваных” патрабуе, каб Валэнса вярнуў грошы за Нобелеўскую прэмію і прызначыў іх на дапамогу вэтэранам апазіцыі.

Абодва патрабаванні эмацыйныя і непрадуманыя. Той мільён даляраў за “Нобеля” Валэнса аддаў на дабрачынныя мэты, у прыватнасці на абсталяванне шпіталю Гданьскай суднаверфі. Затое потым, сваімі лекцыямі і выступленнямі ён зарабіў як мінімум у 100 разоў болей, чым тая «Нобелеўская прэмія». Валэнса стаў «маркай» Польшчы, асобай распазнавальнай у свеце ледзь не на роўні з Шапэнам ды Янам Паўлам Другім. Мабыць таму, пра змену назвы лётнішча не хочуць нават чуць уласнікі гданьскага лётнішча, у прыватнасці улады Гданьска і ваяводства.

Яшчэ пры жыцці Яна Паўла Другога, яго імем называлі вуліцы, пляцы і школы ды ставілі пры касцёлах сапраўдныя помнікі, і пры тым – насуперак волі самога Папы. Дзе тады быў дэпутат Яворскі? Чаму тады ён не пратэставаў? Ні бронзавых, ні бетонных помнікаў Валэнсу яшчэ пакуль ніхто не ставіў. А што тычыцца Нобелеўскай прэміі, дык яе вылучае Нобелеўскі камітэт і ніхто іншы. Яго рашэнні могуць быць памылковыя, слаба альбо цалкам не абгрунтаваныя, але яны поўнасцю суверэнныя. Дзесяць гадоў таму папа Бенедыкт XVI хацеў зрабіць Арцыбіскупа Станіслава Вельгуса Варшаўскім Мітрапалітам, аднак аказалася, што гіерарх цягам 20 гадоў супрацоўнічаў са службай бяспекі. Калі пра гэта паведамілі Ватыкан, адтуль прыйшоў адказ: “Мы яго ўганароўваем не за заслугі для службы бяспекі, але за заслугі для Касцёла”. Тое самае можа заявіць і Нобелеўскі камітэт пра Валэнсу. Мы яго ўганаравалі за мірную трансфармцыю дзяржаўнага ладу, а не за тое, што ён падпісаў нейкую паперу.

Увогуле, цікава адрэагавала на скандал вакол Валэнсы расейскае выданне “Маскоўскі камсамолец”. “Нацыянальны герой, розум, гонар і сумленне нашай эпохі, першы прэзідэнт незалежнай Польшчы і Нобеўскі Лаўрэат аказаўся банальным агентам спецслужбаў… У гадох 70-76 яшчэ да часу рэвалюцыйных падзеяў. Але што гэта змяняе? – задаецца пытаннем расейскае выданне. “Ці Лех Валэса перастаў быць нацыянальным лідарам і героям? Яго лічылі чалавекам з бяздакорнай рэпутацыяй, але ці ўвогуле бываюць такія людзі? “ Хто з вас без граху – хай першы кіне камень,” – працытавала газета словы з евангельскай сцэны з блудніцай. Паводле газеты, гэтыя словы сказаў Хрыстос. “Гэта быў адзіны на свеце бязгрэшны чалавек і не было іншых”. Газета прыводзіць імёны Барыса Пастэрнака, Барыса Слуцкага, Булата Акуджавы, Маршала Пэтэна, героя з Першай Уясветнай вайны і Гюнтэра Граса, пра якога стала вядома, што служыў у Ваффэн СС. “Нашы ацэнкі людзей вельмі суб’ектыўныя. Толькі гісторыя ўсё ўзважыць на сваіх шалях, аддзеліць зерне ад мякіны, справы неістотныя ад важных і вынясе канчатковы вердыкт,” – падсумоўвае “Маскоўскі камсамолец”.

З усяго гэтага шуму вакол асобы Валэнсы вынікае для яго самога вельмі нязручная сітуацыя. Па-мойму, а ці ж не лепей было адразу прызнаць: “Так. Мяне зламалі. Я пайшоў на ганебны крок, але стараўся нікому не шкодзіць і выкруціўся з гэтага пры першай, лепшай нагодзе. Гэта быў момант слабасці, якога я вельмі шкадую”. Думаю, што напэўна не ўсе, але большасць палякаў прабачылі б Валэнсу. Апроч закамплексаваных, маладушных людзей, якія не бачыць сваіх грахоў і заўсёды гатовы кінуць камень у іншага.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ