Хутчэй бы 10-га траўня!



Чым бліжэй да 9-га траўня, тым расейцаў ахоплівае большая  істэрыя. “Палякі існуюць дзякуючы Чырвонай Арміі”, – заявіў старшыня думскай камісіі замежных справаў Аляксей Пушкоў.

На хвалі істэрыі, звязанай з гадавінай перамогі над нямецкімі фашыстамі, расейскія камуністы пікетуюць амбасады краін, лідары якіх не прыедуць на парад у Маскву.

Між тым медыі і палітыкі бэсцяць тых, хто не падзяляе іхнай экзальтацыі. Групы камуністаў наведалі паўтара дзясятка амбасадаў краін, якія ўдзельнічалі ў перамозе над фашызмам, але іхныя лідары не прыедуць у Маскву. “Мы прыйшлі нагадаць палякам пра ролю, якую адыграла Чырвоная Армія ў заканчэнні вайны”, – заявілі госці, на чале з дэпутатам Дзярждумы Уладзімірам Родзіным ля ўваходу ў польскую амбасаду. Паколькі ніхто з амбасады не прывітаў іх, яны палічылі гэта непрыязным жэстам у дачыненьні да Расеі. На развітанне пакінулі чырвоны сцяг, бюст Сталіна і ліст з пасланнем сяброўства. У нямецкай амбасадзе наведвальнікаў сустрэлі даволі іранічна. Там прынялі ліст, аднак наадрэз не захацелі ні Сталіна, ні чырвонага сцягу. Затое ўручылі расейцам копію пакту Рыбэнтрапа-Молатава.

“Камароўскі павінен ведаць, што без паўмільёна ахвяр з боку нашай краіны дзеля вызвалення Польшчы, яе ўвогуле не было б. Гітлер яе не прадугледжваў”, – напісаў на сваім блогу старшыня камісіі замежных спраў Аляксей Пушкоў.  Яго намеснік Леанід Калашнікаў дадаў, што “дзякуючы расейскім танкам Польшча атрымала свабоду і дзяржаўны суверэнітэт”. Гэтак яны пракаментавалі словы Браніслава Камароўскага.

3 траўня, у дзень Канстытуцыі, польскі прэзідэнт заявіў, што “парад перамогі ў Маскве – гэта сімвал неспакойнага свету”. “9 траўня ў Маскве ізноў будуць дэманстраваць сваю сілу дывізіі, якія цалкам нядаўна на вачох свету і нашых вачох напалі на суседніюю Украіну”, – заявіў Камароўскі. Яго прэс-сакратарка Яанна Тшаска-Вечорэк дадала, што “польскаму прэзідэнту не месца на парадзе, які з’яўляецца часткай расейскай агрэсіі ва Украіне”.

Ні прэзідэнту, ні шэраговым палякам не трэба нагадваць, якая армія вызваліла Польшчу ад нямецкіх захопнікаў. Гэта шматнацыянальная Чырвоная Армія, у якой дарэчы былі і палякі. Аднак нельга казаць, што без Чырвонай Арміі не было бы Польшчы. Невядома, як разгарнуліся б падзеі, калі б супраць фашызму не паўстала вялікая міжнародная кааліцыя. Чырвоная Армія вызваліла Польшчу і яшчэ некалькі краін, але яна не ваявала толькі дзеля таго, каб некага вызваліць. Яна найперш вызваляла свае тэрыторыі, але не магла затрымацца. Яна перла на Захад каб дабіць Гітлера ў яго логаве.  Таго самага Гітлера, з якім Савецкі Саюз сябраваў і з якім падпісалаў Дамову аб падзеле Еўропы. Пра гэта нагадалі расейцам у нямецкай амбасадзе, уручаючы копію дамовы. Хай запярэчаць, што ажно да 21 чэрвеня 41-га году камуністы не сябравалі з нацыстамі.

Польскі прэзідэнт зрабіў нешта вельмі разумнае. 8 траўня ён арганізуе асобнае святкаванне Дня перамогі на Вэстэрплятэ, дзе пачалася Другая Усясветная вайна. Бо ж яна не пачалася 22 чэрвеня 41-га, але 1 верасня 39-га.

Вайна не пачалася і не скончылася ў Маскве, дык чаму Перамогу трэба адзначаць менавіта там? Па словах Камароўскага, ён не хоча сапсаваць расейцам іхнага сьвята “ваеннай перамогі”. Хай святкуюць. Затое ў Польшчы  гісторыкі абмяняюцца думкамі – чым было заканчэнне вайны? Ці толькі вызваленнем? Ці можа яно выклікала новыя праблемы? Па словах польскага прэзідэнта, для вязняў канцлагеру Аўшвіц – гэта было сапраўднае вызваленне, але для польскага народу ў цэлым – гэта сумнеўнае вызваленне.

Няхай расейцы скачуць і весяляцца на здароў’е ў 70-і 80-ы раз. Зрэшты, новых перамогаў у іх няма. Аднак для астатняга свету вельмі хочацца: хутчэй бы настаў 10 траўня.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ