Данбас губляе адмысловы статус



Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка склікаў на сёння паседжання Рады Нацыянальнай Бяспекі і Абароны. Рада ў першую чаргу абмяркуе пытанне адмены закону аб асаблівасцях мясцовага самакіравання ў кантраляваных сепаратыстамі раёнах Данецкай і Луганскай абласцей.

У адмысловым звароце Парашэнка назваў так званыя «выбары», праведзеныя ў нядзелю на Данбасе, псеўда-выбарамі, якія груба парушаюць менскія дамоўленасці. „Выбарчы фарс 2 лістапада ставіць пад велізарную пагрозу зрыву ўвесь мірны працэс. Ён істотна пагаршае сітуацыю на Данбасе,” — гаворыцца ў звароце.

Паводле яго слоў, падчас паседжання Рады будзе прааналізаваная абстаноўка і будуць унесеныя «неабходныя змены ў сцэнары нашых дзеянняў». Парашэнка лічыць, што праводзячы выбары, прарасейскія баевікі адкінулі ўзгоднены 5 верасня прадстаўнікамі Украіны, Расеі і АБСЕ план палітычнага ўрэгулявання крызісу. “Менскі пратакол прадугледжваў правядзенне ў некаторых раёнах Данбасу мясцовых выбараў на падставе ўкраінскага заканадаўства. Мы далі сепаратыстам такую магчымасць. Аднак выбарчы фарс 2 лістапада ўяўляе сабою вялікую пагрозу для мірнага працэсу, які мы запачаткавалі цаною каласальных намаганьняў,”- заявіў Парашэнка.

Прыняты ў верасні закон аб асаблівым статусе кантраляваных сепаратыстамі рэгіёнаў прадугледжваў амністыю для сепаратыстаў і пашыраў паўнамоцтвы мясцовых уладаў. Кіеў прапанаваў правесці выбары ў Данбасе 7 снежня. Парашэнка заявіў, што ён гатовы даць сепаратыстам яшчэ адзін шанец пры ўмове, што яны спыняць баі і вернуцца да ўмоваў менскага пагаднення. “У новым законе акрамя ясна акрэсленых межаў будзе гаворка пра бюджэтную дэцэнтралізацыю. Гэта дазволіць зняць пытаньне “хто каго корміць”, паколькі ў Данбасе кажуць, што гэта яны ўтрымліваюць Украіну.  Парашэнка хоча ўнесці на разгляд парламенту законапраект, які дазволіць стварыць у Данбасе свабодную, эканамічную зону. Гэта дазволіць рэгіёну свабодна наладжваць гандлёвыя зносіны як з Расеяй, так і з Еўразвязам. “Незважаючы на дыпламатычныя правакацыі, кіраўніцтва Украіны лічыць сваім прыярытэтам урэгуляванне сітуацыі. Адначасова будзем умацоўваць нашы абарончыя здольнасці на выпадак непамыснага развіцця падзеяў,” – напісаў у сваёй заяве Пятро Парашэнка.

Скасаванне спецыяльнага статусу для часткі Данбасу створыць якасна новую сітуацыю. Зараз аглядальнікі і аналітыкі ўзгадвалі заяву дарадніка Парашэнкі Юрыя Луцэнкі, з якой ён выступіў у верасні. Луцэнка заявіў, што ў Данбасе трэба паўтарыць так званы “харвацкі сцэнар” з 95-га году. Таду Харватыя мела ў сваіх межах сербскі рэгіён “Крайіну”. Харваты мірыліся з яе існаваннем цягам трох гадоў, у міжчасе ўмацоўваючы свае ўзброеныя сілы. Тагачасны прэзідэнт Харватыі Франьё Туджман называў “Крайіну” “ракам на целе Харватыі”. Улетку 95-га году харавацкая армія правяла акцыю пад назвай “Бура”. Цягам пару дзён яна выгнала са сваёй тэрыторыі 200 тысяч сербаў. Аперацыю асудзілі толькі Белград і Масква, аднак Міжнародны Трыбунал апраўдаў ініцыятараў і выканаўцаў гэтай аперацыі, якая мела ўсе прыкметы этнічнай чысткі. Аднак тады Загреб пазбыўся сербскай меншасці, якая не прызнавала харавацкага ўраду і існавала як аўтаномія. Дырэктар Еўраазіяцкіх даследванняў Уладзімір Карнілаў лічыць, што так “бліцкрыг” Кіеў збіраецца правесці ў дачыненні да Данбасу. Зрэшты, па яго словах, у Расею ўжо ўцяклі сотні тысяч жыхароў Данбасу, значна болей чым было сербаў у Харватыі.

Ніхто не ведае, які план мае прэзідэнт Парашэнка, аднак ён вельмі праўдападобны. З другога боку ён вельмі рызыкоўны, бо Расея можа адкрыта стаць на абарону жыхароў Данбасу. У яе значна большыя сілы, чым тыя, якімі валодала Сербія ў 95-м годзе. У любым выпадку, скасоўваючы толькі што нададзены Данбасу спецыяльны статус, Кіеў сігналізуе, што ўлічвае такі варыянт.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ