«Крым – наш», але што з таго?



Прэзідэнт Расеі, прэм’ер і кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі з 17 ліпеня знаходзяцца ў Крыме. Падчас нарады, прысвечанай развіццю турызму на паўвыспе, Уладзімір Пуцін выступіў з шэрагам палітычных заяваў, затое прэзідэнт Украіны Парашэнка назваў сам прыезд Пуціна на акупаваную тэрыторыю “выклікам для ўсяго цывілізаванага свету”.

“Прыезд Пуціна ва ўкраінскі Крым без узгаднення з украінскай уладаю – гэта выклік для цывілізаванага свету і працяг сцэнару абвастрэння сітуацыі, які рэалізуюць расейскія вайскоўцы ды іхнія найміты ў Данбасе. Такія паездкі азначаюць далейшую мілітарызацыю акупаванай ўкраінскай паўвыспы і прыводзіць да яшчэ большай ізаляцыі яго. Толькі ў складзе Украіны ў Крыме – будучыня, у тым ліку турыстычная,” – заявіў Пятро Парашэнка. Пуцін разам з прэм’ерам Мядзьведзевым і кіраўніком сваёй адміністрацыі сапраўды прыехалі нібыта ў дзелавых мэтах, для абмяркавання з Дзяржрадай пытанняў турызму. У склад Рады ўваходзяць спікеры абедзвюх палатаў расейскага парламента і лідары ўсіх фракцыяў і кіраўнікі расейскіх рэгіёнаў. Гэта таксама была нагода сустрэцца з прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцяў Крыма. Але пасля ўчорашняй сустрэчы ў Ялце, сёння Пуцін наведвае Севастопаль. Расея ператварае гэты порт у яшчэ больш магутную ваенна-марскую базу. Насуперак заявам Парашэнкі, Пуцін і не думае прасіць у Кіева дазвол і пачувае сябе ў Крыме як дома. Паўсюль, на фасадах будынкаў і уздоўж дарог, яго вітаюць вялізныя партрэты і плакаты “Крым. Расея. Назаўжды”.

Расейскі прэзідэнт выступіў з рэзкай крытыкай на адрас Кіева. Ён заявіў, што “Украіна аддадзеная пад знешняе ўпраўленне”. Факт, што ключавыя пасады займаюць замежнікі, Пуцін назваў “ганебнай практыкай” і “прыніжэннем для ўсяго ўкраінскага народу”.  Пуцін выказаў спадзяванне, што ўкраінцы дадуць гэтаму адпаведную ацэнку, што Украіна стане на ногі, будзе развівацца і разам з Расеяй будаваць сваю будучыню. Ён ізноў паўтарыў, што ўкраінцы і расейцы – адзін народ. Крым, дзе жывуць 175 нацыянальнасцяў, Пуцін назваў “адлюстраваннем шматнацыянальнай Расеі”. Расейскі прэзідэнт шмат увагі прысвяціў крымскім татарам і абяцаў “поўную рэабілітацыю рэпрэсаваных народаў”. Пры гэтым ён заклікаў татараў не паддавацца на ўсялякія правакацыі. Па яго словах, ёсьць шэраг людзей, якія лічаць сябе прафесійнымі змагарамі за правы чалавека. Для гэтых людзей не важна, якія гэта правы і чые правы. Ім важна, што яны змагары, і за гэтую працу яны хочуць атрымліваць ад замежных фондаў гранты, прызнанне і пры гэтым рэалізаваць свае амбіцыі, у тым ліку палітычныя,” – заявіў Пуцін. Ён не назваў нікога канкрэтнага, але, відавочна, меў на ўвазе такіх людзей, як лідар крымска-татарскага народа Мустафа Джэмілеў і былы старшыня Мэджлісу Рэфат Чубараў. Яны звяртаюць увагу міжнароднай супольнасці на пераслед крымскіх татараў, што адпавядае праўдзе. Новыя крымскія ўлады распусцілі татарскі парламент, ліквідавалі галоўныя медыя і запалохалі татараў, якія, за выключэннем 10-15 тысяч, не зважаючы на дыскрымінацыю, хочуць заставацца на роднай зямлі.

Пасля гэтай чарговай рабочай паездкі Дзяржрады Расеі ў Крым складваецца ўражанне, што Масква ставіць міжнародную супольнасць перад фактамі. Маўляў, забудзьцеся, што калісьці Крым належаў Украіне. Ніхто і нішто больш яго не адбярэ ў Расеі. Мы тут гаспадары. А што тычыцца крымскіх татараў, дык Масква зацікаўленая ў стварэнні іх прадстаўніцтва, лаяльнага ў дачыненні да Крамля, як гэта мае месца з Рамзанам Кадыравым у Чачні. Грашыма, подкупам ці шантажом Крэмль спрабуе перацягнуць на свой бок тых, хто быў і застаецца супраць адарвання паўвыспы ад Украіны. Такія прадажныя людзі знаходзяцца паўсюль, асабліва калі ім прапануюцца нейкія прывілеі ці льготы. Яны напэўна знойдуцца і ў Крыме. Аднак адкуль браць грошы на ўтрыманне акупаванай паўвыспы? Як ва умовах міжнароднай ізаляцыі развіваць турызм? Напэўна, справіцца з гэтымі праблемамі будзе цяжэй, чым проста захапіць Крым.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ