Лепшыя і горшыя беларусы



1 ліпеня ў Менску праходзіць першае пасяджэнне Кансультатыўнай Рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных справаў. Пасяджэнне цікавае тым, што яно сможа стаць паказнікам, як беларускія ўлады ставяцца да прынятага імі закону “Аб беларусах замежжа” і як збіраюцца яго рэалізаваць.

Сам закон “Аб беларусах замежжа” нараджаўся доўга і ў болях. Праходзілі грамадскія і эксперцкія кансультацыі, змяняліся варыянты законапраекта, і  ў рэшце закон быў распрацаваны ў Міністэрстве замежных справаў і выкладзены ў якасці гатовага прадукту. Нават Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” да апошняга часу не ведала, як сфармуляваны гэты законапраект. Нарэшце, увесну 2014 года,  дакладна 16 чэрвеня, закон быў прыняты і ўступіў у сілу пад нумарам 162-3. У адпаведнасці з законам, тры ведамствы маюць займацца беларусамі ў замежжы. Гэта: Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры і ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў. Вядома ж, агульную дзяржаўную палітыку ў галіне адносін з беларусамі замежжа вызначае прэзідэнт.

У адпаведнасці з законам створана і  Кансультацыйная Рада па справах беларусаў замежжа. У яе склад уваходзяць 32 прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа з 18-ці краін. У Радзе засядаюць таксама беларускія чыноўнікі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў з самой Беларусі і сродкаў масавай інфармацыі.  Асноўнымі задачамі Кансультатыўнай Рады  з’яўляецца каардынацыя супрацы дзяржаўных органаў з беларусамі па-за межамі рэспублікі. Гэтае супрацоўніцтва тычыцца найперш культурнай, адукацыйнай ды інфармацыйнай  сфераў. Рашэнні Кансультатыўнай Рады прынятыя ў адпаведнасці з яго асноўнымі задачамі, для дзяржаўных органаў маюць усяго толькі рэкамендацыйны характар.

“Кансультатыўны”, “рэкамендацыйны”, “дарадчы” – гэта тыя прыметнікі, якія характарызуюць паўнамоцтвы Рады. Па праўдзе кажучы, іншымі яны і не могуць быць, паколькі характар адносінаў з суайчыннікамі ў замежжы акрэслівае дзяржава. Яна вырашае, як хоча да іх стаіцца, як з імі кантактаваць, як узаемадзейнічаць. Справа ў тым, што закон нявельмі праясняе гэтае пытанне. У ім мноства недакладнасцяў, якія насцярожылі беларусаў у замежжы ўжо год таму. Само вызначэнне “беларус у замежжы” недакладнае. Да іх, паводле закону, належаць асобы, якія  „з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці належаць да беларускага народа або беларускай мовы, культуры, гістарычных сувязей, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў”. Аднак з закону не вынікае, як улады будуць адрозніваць суайчынніка ад беларусафіла.

Найбольш расчаравальныя артыкулы трэцяга раздзела пад загалоўкам:  “Дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа”. У артыкуле 16-м гаворыцца пра тое, што РБ падтрымлівае тых беларусаў і тыя арганізацыі, “чыя дзейнасць адпавядае нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Гэта значыць, што дзейнасць некаторых беларускіх арганізацыяў Беласточчыны можа не адпавядаць інтарэсам цяперашніх уладаў Беларусі. У артыкуле 17-м гаворыцца пра стварэнне магчымасці для «пераезду на часовае альбо пастаяннае жыхарства ў Беларусь». Ізноў жа ніякага ўдакладнення, на якой падставе ўлады будуць распазнаваць свайго замежнага суайчынніка. У законе няма ні слова нават пра самае простае: таннейшыя альбо бясплатныя візы і прасцейшы парадак іх атрымання для беларусаў. Затое на практыцы беларускія ўлады адмаўляюць у візах вельмі актыўным беларусам Беласточчыны, чыя дзейнасць ім не падабаецца.

Атрымліваецца, што сам закон аб беларусах замежжа – недасканалы і не даводзіцца чакаць нічога экстраардынарнага ад гэтага пасяджэння Кансультатыўнай Рады. Аднак беларусам у замежжы проста вельмі цікава, як да іх ставяцца ў Менску, ці ёсць нейкія змены ў дзяржаўнай палітыцы. Дыяспара – гэта вялізны патэнцыял, які любая краіна можа з вялікай карысцю выкарыстоўваць. Гэта рэзервуар бясплатных прыхільнікаў краіны, яе амбасадараў у свеце, лабістаў, талентаў, уплываў, ідэяў і грошай. На жаль, цяперашнім уладам у Менску сяк-так цікавыя іх прыхільнікі і адзінадумцы, затое крытычныя ў дачыненні да іх суайчыннікі – непатрэбныя.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ