Літоўская аплявуха „Газпраму”



На адрас Літвы з усяго свету плывуць словы прызнання за дасягненне энергетычнай незалежнасці ад расейскага манапаліста “Газпрама”. У Клайпедзе ўрачыста віталі першы плывучы газапорт пад сімвалічнай назвай “Незалежнасць”.

Натоўп літоўцаў сабраўся ў порце, каб назіраць за прыбыццём грандыёзнага карабля “Independence” для перавозу вадкага газу з любой краіны свету. “Літва можа ганарыцца сваёй рашучасцю, мужнасцю і палітычнай воляй”, -заявіла прэзідэнт Даля Грыбаўскайце на міжнароднай цырымоніі з нагоды прыбыцця плывучага газапорту. “Літва стала бяспечнай у энергетычным сэнсе. Тэрмінал вадкага газу ў Клайпедзе будзе адыгрываць асаблівую ролю: стане гарантам энергетычнай бяспекі ўсяго нашага рэгіёна,”-падкрэсліла літоўскі прэзідэнт. Максімальна „Independence” даўжынёй у тры футбольныя палі зможа перапампоўваць да 4 мільярдаў кубічных метраў газу ў год, што поўнасцю забяспечыць патрэбы Літвы і да 90% патрэбы Латвіі і Эстоніі.

Вось таму ў цырымоніі прынялі ўдзел прэм’еры гэтых дзвюх балтыйскіх краін, а таксама міністр еўрапейскіх справаў Нарвегіі. Гэтая краіна адыграла ключавую ролю ў праекце энергетычнай незалежнасці балтыйскіх краін ад “Газпраму”. З Нарвегіі паходзіць фірма Höegh LNG, якая паставіла Літве пабудаваны ў Паўднёвай Карэі плывучы газапорт. З нарвежскім канцэрнам Statoil Літва падпісала 5-гадовы кантракт на пастаўкі 540 мільёнаў кубічных метраў вадкага газу ў год. Першы карабель літоўскі газапорт мае прыняць у снежні, а зновага года пачнуцца рэгулярныя пастаўкі газу з заходняга кірунку. Даля Грыбаўскайце падкрэсліла, што Літва рэалізавала свой праект газапорту ўласнымі сіламі, без еўрапейскіх сродкаў.

Разам з тым, калі ў Клайпеду прыплыў “Індэпэндэнс”, з усяго свету паплылі словы прызнання на адрас Літвы. “Рэалізацыя гэтага праекта і пачатак працы тэрміналу – гэта сапраўдная гісторыя поспеху Літвы,”-заявіў еўракамісар у справах энергетыкі Гюнтэр Этынгер. Ён дадаў, што Літва прадэманстравала, як вырашыць праблему з газам, з чым не ўмее справіцца ўся Еўропа. У адмысловым лісце дзяржсакратар ЗША Джон Кэры пахваліў Вільню за “стратэгічнае мысленне, цвёрдае і паслядоўнае дзеянне, накіраванае на дыверсіфікацыю паставак энерганосьбітаў”.

Літоўскі праект выходзіць насустрач настроям у грамадстве. Больш як палова літоўцаў– 55,5% –лічаць, што Расея ўяўляе сабою пагрозу для балтыйскіх краін. Такія вынікі апытання, праведзенага Інстытутам Spinter Tyrimai. Іх найбольш хвалюе магчымасць эканамічнага і энергетычнага ціску, а таксама інфармацыйнай вайны і ваенных дзеянняў. Кожны сёмы жыхар балтыйскіх рэспублік не выключае расейскіх сепаратысцкіх дзеянняў.

Малая Літва зрабіла тое, пра што іншыя еўрапейскія краіны толькі гавораць. У прыватнасці, Польшча ніяк не можа закончыць пабудову газапорту ў Сьвінауйсьці. Ад расейскага газу надалей застаюцца залежныя не толькі Украіна, але і заходнееўрапейскія кліенты “Газпрама”. Вось заўтра адбудзецца чарговая сустрэча “Еўразвяз-Расея-Україна”, прысвечаная транзіту расейскага газу цераз Украіну. Брусель хоча, каб нейкая пасярэдніцкая кампанія купляла расейскі газ на мяжы з Украінай і далей распараджалася ім як заўгодна. Расея патрабуе ад Кіева рэгулярных аплат па высокай цане, а калі Украіне не мае чым плаціць, дык няхай плаціць Брусель. Аднак еўрапейцы разлічваюць, што “Газпрам” мусіць пагадзіцца з яго прапановамі, бо іншых пакупнікоў у “Газпрама” няма. Усё ж спадзявацца на здаровы сэнс Расеі не прыходзіцца, бо яна не заўсёды дзейнічае рацыянальна. Значна лепей пайсці па літоўскім шляху і хутка дамаўляцца з ЗША пра пастаўкі вадкага газу з ЗША. Можа пакуль не будзе танней, затое больш прадказальна.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ