Маладая змена ў Польшчы



Якія бы не былі канчатковыя, афіцыйныя вынікі, у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы перамог прадстаўнік кансэрватыўнай апазіцыі – Анджэй Дуда.

Паводле аглядальнікаў, выбары чарговы раз засведчылі, што краіна і народ падзеленыя прыблізна па палове на Усход і Захад, на гарады і вёскі і гэтыя дзве паловы прыйдзецца абавязкова склеіць і аб’яднаць.

Да панядзелка папалудні тыя лічбы памысныя для Анджэя Дуды і непамысныя для Браніслава Камароўскага напэўна трохі зменяцца і магчыма разрыў паміж імі зменіцца. Аднак дзейны прэзідэнт, прэм’ер і нават старшыня Еўрапейскай Рады – ўжо павіншавалі Дуду з выбарчай перамогай.

“Дарагія. Не атрымалася. Дэмакратыя, гэта не толькі поспех, але і павага да выніку. Віншую Анджэю Дуду і жадаю яму удалага прэзідэнцтва, бо жадаю ўдачы Польшчы”, -заявіў Камароўскі. Ён перамог у вялікіх і малых гарадох, сярод выбарцаў з вышэйшай адукацыяй, ва узросце 30-40 гадоў, затое Дуда сярод астатняга, меней адукаванага, пераважна вясковага электарату. Цікава, што на Дуду у большасьці галасавалі так званыя“ маладыя збунтаваныя”, што два тыдні раней падтрымалі рок-музыку Паўла Кукіза. Дуда перамог, хаця б нават мінімальна таму, што лепей, мэдыйна і прафэсійна праводзіў сваю кампанію. Камароўскі, гэтак як бывае звычайна з яго партыяй “ Грамадзянская Плятформа” перамог у 9-ці ваяводствах заходняй часткі краіны, а Дуда, дакладна гэтак як перамагае “Права і Справядлівасць” ва усходніх рэгіёнаў, уключна з Падляшшам.

Прычыны паразы зразумеў сам прэзідэнт Камароўскі яго выбарчы штаб. Карыстаючыся не меншай за 65% падтрымкай у грамадстве прэзідэнт амаль нічога не зрабіў, каб застацца у прэзідэнцкім крэсле. Яго кампанія была незаўважная, нудная, нецікавая. Сам прэзідэнт паводзіў сябе бы няўпэўнены, ці ён зацікаўлены ў пераабранні. Рэверансы ў бок маладога, збунтаванага, лібэральна-левага электарату, пужанне выбаршчыкаў

“вяртаннем у сярэднявечча” аказаліся памылковымі. Навошта было займацца драбязою: аднамандатнымі выбарчымі акругамі, ін-вітра, законам аб сямейным гвалце і фэміністкамі, аднаполымі саюзамі ўступаючы ў канфлікт з Касцёлам, навошта паказвацца з Аляксандрам Кваснеўскім і выступаць у тэлепраграме з блазенам Кубам Ваявудзкім – кажуць зычлівыя для Камароўскага палітыкі і каментатары. Маўляў: трэба было адклікацца да сваіх каранёў. Ці-ж не бачыце, што грамадства павяртае на права?

Штаб Камароўскага не умеў з карысцю для сябе прадаць нават неаспрэчныя поспехі Камароўскага. Нават маладыя выбаршчыкі аказаліся большымі кансэрватарамі, чым гэта здавалася Камароўскаму, а жаданьне зменаў важнейшае за тую прагматычную, прадказальную стабільнасць – кажуць зычлівыя дзейнамму прэзідэнту каментатары. Калі вам здаецца, што маладыя палякі – лібэральныя, дык чаму чаму падтрымліваюць кансэрватыўныя каштоўнасці, удзельнічаюць у патрыятычных маршах? Ці вы у

“Грамадзянскай Плятформу” разумееце ў якой краіне жывяцё?

Літаральна ўсе задаюцца пытаннем: а што далей, а я са сваёй званіцы гляджу на справы спакойна. Некаторыя лямантуюць: як будзе выглядаць супрацоўніцтва новага прэзідэнта са старым урадам? “Грамадзянская Плятформа” баіцца, што новы прэзідэнт будзе перашкаджаць ураду, усяляк устаўляць палку ў колы. Аднак гэта не факт. Не факт, што ён будзе бы вош каўнера трымацца Яраслава Качынскага, бо ён яму можа быць толькі абузай і баластам. Сам Дуда заявіў, што стаўшы ўсенародна абраным прэзідэнтам ён выступіць з «Права і Справядлівасьці» і будзе супрацоўнічаць з урадам. Зрэшты ў яго няма іншага выйсця. Паводле слоў вядомага прадстаўніка кіруючай кааліцыі – Стэфана Несялоўскага, яго партыя «прайграла бітву, але не вайну». Да восені «Грамадзянская Плятформа» можа ачуняць і перамагчы ў трэці раз. А што тычыцца Дуды, дык пераступіўшы парог прэзідэнцкага палацу любы палітык пачынае думаць і паводзіць сябе рацыянальна. З падказкі дараднікаў Анджэй Дуда таксама адразу адмовіцца ад сваіх шалёных, выбарчых абяцанняў і скажа, што ажыццявіць іх хоча, але яму у гэтым перашкаджае ўрад. Ён адразу змякчыць сваю антыеўрапейскую рыторыку, не будзе абвайстрыць адносінаў з Расеяй, не паскорыць пераход на пэнсыю, нікому не дасьць абяцаных грошай ды ільготаў, бо іх няма адкуль узяць. Адным словам: хай адны празмерна не радуюцца а другія не плачуць. Прэзідэнт заўсёды становіцца іншым чалавекам, чым будучы кандыдатам у прэзідэнты.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ