„Момант ісціны” Таццяны Караткевіч



Таццяна Караткевіч, адзіная жанчына-кандыдат у прэзідэнты, заклікала жанчын у выбарчых камісіях правесці гэтыя выбары сумленна. У сваім другім тэлезвароце яна сказала, што за апошнія 20 гадоў усё ў краіне памянялася акрамя улады і гэта улада з’яўляецца тормазам развіцця.

Гэтым разам Таццяна Караткевіч засяродзілася на эканамічных, адукацыйных і сацыяльных пытаннях. Па яе словах, “дзяржаўная машына ўзору 1996 года глохне, у наш час ужо не працуе, значыць, прыйшоў час і яе зьмяняць. Улада павінна быць не тормазам, як цяпер, а рухавіком развіцця, як будзе пры новым прэзыдэнце….людзі не толькі не баяцца перамен, але жадаюць іх…. Адзіны, хто іх баіцца, гэта Аляксандар Лукашэнка», – заявіла Караткевіч, назваўшы ўладу тормазам на шляху разьвіцця.

Яна абсалютна слушна адзначыла, што баючыся грунтоўных зьменаў улада баіцца страціць кантроль над эканомікай, грамадствам і чалавекам. Ва ўсіх таталітарных альбо недэмакратычных краінах чалавек непасрэдна залежны ад улады як галоўнага працадаўца альбо кантралёра. Вось таму, па словах Караткевіч, неабходна даць волю “актыўнаму, прадпрымальнаму чалавеку, які хоча і можа працаваць на зямлі, на заводзе, умее арганізоўваць вытворчасць ці аказваць паслугі. Трэба даць магчымасць людзям адкрываць сваю справу і самастойна забяспечваць сябе. Працаваць на сябе, а не на чужога дзядзьку ці чыноўніка». Па яе словах, краіну з крызісу выведзе прыватны сектар. Гэта таксама слушна, калі паглядзець на досьвед трансфармацыі ў суседняй Польшчы. Там шмат так званых “самазанятых” людзей. Яны працуюць у адзінчку, на сябе, але маючы зарэгістраваную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Тое, што Караткевіч гаварыла пра льготныя крэдыты для маладых сем’яў, пра ільготы для жанчын з дзяцьмі і зраўнанне заробкаў мужчын і жанчын, пра падвышэнне заробкаў настаўнікаў, было мала арыгінальным. Затое адкрыццё недзяржаўных, дадатковых пенсійных фондаў з’яўляецца пэўнай навізной. У многіх краінах свету існуюць дадатковыя фонды для зберажэньняў, якія пад старасьць становяцца другой пенсіяй. Толькі узьнікае пытанне: а хто з беларусаў можа нешта зэканоміць са сваёй зарплаты? Мабыць толькі вельмі невялікая група насельніцва.

Затое моцна прагучаў заклік Таццяны Караткевіч да выбарчых камісіяў, большасьць з якіх – жанчыны. «Выбары прэзідэнта — гэта не меней важна, чым сям’я, таму што гэта наша Радзіма, наша краіна, наша агульная будучыня. Мы нічога не даможамся, калі не будзем сумленнымі». Таму трэба «лічыць галасы беларусаў сумленна, адкрыта і не заплюшчваць вочы на падман. Гэта момант ісьціны». Гэта быў выразны папрок на адрас камісіяў, што дагэтуль яны працавалі “як ім сказалі”.

Завяршыла Караткевіч сваё выступленне заклікам да актыўнага ўдзелу у выбарах. Выказваць свае думкі і незадавальненне на кухні, паасобку – гэта мала і неэфэктыўна. „Трэба прыйсці і прагаласаваць. Гэта ваш законны і бяспечны шлях пачаць перамены…. Дайце старт пераменам!» – заклікала Караткевіч беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі 11 кастрычніка.

Яе выступленне робіць добрае уражанне. Караткевіч прамаўляе пераканаўча, у манеры, якая выклікае давер. Праўда, у яе шмат папулізму. Заміж гэтага яна павінна сказаць, што стаўшы прэзідэнтам, у складаных справах яна будзе раіцца з экспэртамі. Яна прыцягне да супрацоўніцтва разумных дараднікаў, бо усведамляе, што чалавек не можа ва ўсім разбірацца: ад вырошчвання бульбы да пытаньняў геапалітыкі, чым магла б трохі ўшчыпнуць усёведаючага Лукашэнку.

У любым выпадку, выступленне лічу ўдалым і яно прыдасць Таццяне некалькі працэнтаў галасоў. Вядома ж, не гэтулькі, каб перамагчы.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ