Непаслухмяныя саюзнікі



Сёння ў Маскве адбудзецца саміт Арганізацыі Дамовы аб Калектыўнай Бяспецы а таксама Вышэйшага Еўразійскага Эканамічнага Саюзу. Аднак з улікам апошніх падзеяў і заяваў, атмасферы згоды і  ўзаемаразумення чакаць не прыходзіцца.

Канец 2014 году можна назваць поўнасцю няўдалым для інтэграцыйных праектаў. У рамках антызаходніх санкцыяў Расея пакарала і Беларусь, забараняючы пастаўкі беларускіх харчоў. Масква расчараваная і абураная тым, што саюзная Беларусь не далучылася да санкцыяў. 19 снежня Лукашэнка назваў гэта непрыязным, палітычным рашэннем. “Мы ж і не абяцалі, што далучымся. А навошта нам далучацца да санкцыяў, калі з прычыны самога абвалу расейскага рубля мы страцілі каля мільярда даляраў,” – заявіў Лукашэнка і выступіў з ідэяй, каб разлікі з Расеяй весці ў далярах.  Крамлю не маглі спадабацца і візіты Лукашэнкі ды Назарбаева ў Кіеў. У нядзелю, сустракаючыся са сваім украінскім калегам Парашэнкам, беларускі кіраўнік  падтрымаў тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і выказаў жаданне дапамагчы Кіеву ва ўсім, што спатрэбіцца.  Лукашэнка заявіў, што “Беларусы і ўкраіны – суседзі і родныя людзі, і Беларусь гатова выканаць усё, што толькі Парашэнка папросіць – за суткі”. У якасці малой помсты за эмбарга на імпартовыя прадукты Беларусь перакрыла транзіт у Расею электронікі з Калінінградскай вобласці. Вядзецца пра электроніку, якая вырабляецца кампаніямі GS Group i “Тэлебалт” і пастаўляецца грузавікамі цераз тэрыторыю Беларусі ў Расею. У панядзелак у Кіеў наведаўся і другі саюзнік Расеі – Нурсултан Назарбаеў. Сітуацыю, якая склалася на ўсходзе Украіны ён назваў “арганізаванай, грамадзянскай вайною”. Хто гэтую вайну арганізаваў – для усіх ясна. Назарабаеў услед за Лукашэнкам выказаўся за тэрытарыяльную цэласнасці Украіны і поўнае выканне менскіх дамоўленасцяў. Больш таго. У адказ на блакаду паставак Украіне вугалю з Данбасу і Расеі прэзідэнт Казахстану абяцаў дапамагчы Кіеву сваім вугалем, бо з прычыны нястачы вугля з’явіліся праблемы з электраэнэргіяй. Казахстан хоча таксама набываць украінскую зброю.

З двух саюзнікаў, Маскву мабыць больш угнявіў Лукашэнка, які акрамя ўсяго пачаў наладжваць адносіны з ЗША. 17 снежня намеснік дзярж-сакратара ЗША Вікторыя Нуланд заявіла, што Беларусь і ЗША на працягу апошніх гадоў дасягнулі невялікага прагрэсу ў двухбаковых адносінах. Яна таксама адзначыла, што ЗША адкрыты для дыялогу з Беларуссю. Вось таму, пра «небяспечны досвед» сяброўства з ЗША нагадаў Лукашэнку кіраўнік думскага камітэту міжнародных справаў Аляксей Пушкоў. Ён нагадаў, што з ЗША спрабавалі сябраваць Мілошэвіч, Кадафі і Хусэйн і Лукашэнку можа напаткаць іхны лёс.

З улікам усяго вышэй сказанага, цяжка сабе ўявіць сяброўскую атмасферу падчас саміту ў Маскве. Як можна гаварыць пра Еўразійскі эканамічны саюз, калі два галоўныя саюзнікі: Беларусь і Казахстан дзейнічаюць насуперак Маскве. Якая можа быць калектыўная бяспека, калі Казахстан хоча супрацоўнічаць у галіне абароны з Украінай? Вось таму памочнік Пуціна Юры Ушакоў паведаміў, што асобная сустрэча Лукашэнкі з Пуцінам не плануецца, хіба, што неяк пры нагодзе, мімаходзь. «Яны могуць заўсёды адысці ў бок і асобна пагаварыць, а можа, дамовіцца пра сустрэчу. Але я мяркую, што недзе ў нас навісае магчымасць — па-за заўтрашняй праграмай — сустрэча з Лукашэнкам,» – заявіў Юры Ушакоў.

У любым выпадку, апошнія непаразуменні прыйдзецца вырашаць не інакш, як на найвышэйшым узроўні. Прывабнасць Расеі як інтэграцыйнага цэнтру заўважна паменшала. Паглыбляючыся ў крызіс, яна не здолее пераканаць партнёраў, што з ёю выгадна мець справу. Вось такі непрыемны сюрпрыз напаткаў Крэмль напрыканцы году.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ