Някляеў супраць фікцыі



Сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11 кастрычніка. Такое рашэнне прыняла Палата Прадстаўнікоў. Напярэдадні абвяшчэння гэтай навіны Уладзімір Някляеў заклікаў усіх патэнцыйных кандыдатаў зняцца на карысць Міколы Статкевіча. Ён лічыць, што гэта адзінае правільнае рашэнне, паколькі ніводзін з дэмакратычных кандыдатаў не здолее набраць колькасць галасоў, неабходную для рэгістрацыі.

Дата правядзення выбараў не такая важная. Вядома, што яны павінны прайсці не пазней за 21 лістапада і не раней 4 кастрычніка. Няздольнасць сабраць 100 тысяч подпісаў за ніводнага з дэмакратычных кандыдатаў падаецца незразумелым. Вось для прыкладу лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін паведаміў, што ў яго ініцыятыўнай групе 1400 чалавек. Мінімальная колькасць збіральшчыкаў подпісаў 100 асоб, затое паводле закону, тыя самыя людзі могуць уваходзіць у склад ініцыятыўных групаў некалькіх. Калякін гатовы ў якасці першага здаць сабраныя галасы ў Цэнтрвыбаркам ужо ў пачатку ліпеня.  Праўда, са зборам подпісаў і здачай іх можна не спяшацца, абы толькі была рэальная магчымасць сабраць іх. Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік пацвердзіў, што «згодна з Выбарчым кодэксам, збор подпісаў пачынаецца за 80 дзён і закачваецца за 50 дзён да пачатку выбараў. Гэта значыць, што калі выбары прызначаць на 11 кастрычніка, то збіраць подпісы за кандыдатаў можна будзе не раней за 23 ліпеня».

Аднак Някляеў лічыць, што адразу пасля абвяшчэння даты выбараў, яшчэ да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, усім патэнцыйным кандыдатам трэба зняцца з выбараў, а ўсім апазіцыйным структурам трэба падтрымаць вылучэнне адзіным кандыдатам палітвязня Мікалая Статкевіча. «Гэта адзінае правільнае рашэнне як з пункту гледжання палітыкі, так і з пункту гледжання маралі. І наагул гэта рашэнне, выратавальнае для апазіцыі,» – заявіў Некляеў. Па яго словах, калі апазіцыйныя лідары усё ж будуць балатавацца, гэта прывядзе не толькі да легітымізацыі цяпершняга кіраўніка, але да іхнай паразы, і да поўнага разгрому апазіцыі.

Аднак якіх кольвечы сігналаў пра зняццё кандыдатураў на карысць Статкевіча не назіраецца. Нават лідар АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што “цягнік з адным кандыдатам ужо з’ехаў”. Вось сёння старшыня яго ініцыятыўнай групы Віктар Карніенка ў рабочай паездцы па Гомельскай вобласці. Заўтра намеснік Лябедзькі Леў Марголін праедзецца па Віцебскай вобласці. Тым болей не збіраецца здымаць сваю кандыдатуру лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, які нядаўна падтрымаў знешнюю палітыку цяперашняга кіраўніцтва Беларусі. А што тычыцца збору подпісаў за Міколу Статкевіча, дык ён будзе весціся. Яго ініцыятыўную групу ўзначаліць жонка Марына Адамовіч. Яна, па праўдзе, мае каардынаваць збор подпісаў, які будуць праводіць некалькі партый. Гэта  БСДП ( Грамада), АГП, Партыя Свабоды і прагрэсу, “ Малады Фронт”, рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, рух салідарнасці “Разам”. Усе яны лічаць, што «без вызвалення Статкевіча і поўнага аднаўлення ў правах усіх палітвязняў, ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі».

Узьнікае лагічнае пытанне: калі «ніякія выбары не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі», дык навошта ў іх удзельнічаць? Гэта пытанне не да прафесійнага спарынг-партнёра Лукашэнкі Сяргея Гайдукевіча, але да палітыкаў, такіх дасведчаных палітыкаў, як Анатоль Лябедзька. Не атрымалася з адзіным кандыдатам, дык і не ўдзельнічаем у далейшай гульні паводле тых самых, шулерскіх правілаў. Калі ўлады ўпарта адмаўляюцца змяніць выбарчае заканадаўства, тым болей дарэмна расцярушваць галасы на 7-8 контр-кандыдатаў Лукашэнкі, альбо выстаўляць кандыдатам чалавека, які знаходзіцца за кратамі. На аснове закону ён нават не будзе зарэгістраваны. Можна збіраць подпісы за вызваленне Статкевіча, але нічога болей. Гэта страта часу і энэргіі. Гледзячы з боку на гэтую бясплённую мітусню беларускай апазіцыі, вынік выбараў уключна з прыблізнымі лічбамі можна назваць ужо сёння.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ