Нявыгадная лаяльнасць



Разам з расейскім эмбаргам на польскую садавіну і гародніну беларускія ўлады таксама ўвялі абмяжаванні на ўвоз у Беларусь тавараў і прадуктаў з краін Еўразвязу, у прыватнасці з Польшчы і Літвы.

Новыя абмежаванні тычацца ў першую чаргу тых асоб, якія часта перасякаюць дзяржаўную мяжу Беларусі. Калі яны гэта робяць не часцей як раз у тры месяцы, дык на тэрыторыю Мытнага Саюза яны па-ранейшаму змогуць увесці тавары для асабістага карыстання коштам да 1,5 тысяч еўра вагою да 50-ці кілаграмаў, у тым ліку да 3 літраў алкаголю і да 200 цыгарэтаў. Аднак правілы мяняюцца ў дачыненні да асоб, якія часта перасякаюць мяжу. Пры ўездзе пасля 2 месяцаў можна ўвезці да 10 кілаграмаў тавараў, пасля 7 дзён – максімум 5 кілаграмаў, а калі нехта перасякае мяжу пешшу альбо на ровары, дыкі ліміт алкаголю складае ўсяго паўлітра. У выпадку перасячэння мяжы другі раз у суткі, мытам абкладаюцца ўсе тавары, акрамя рэчаў асабістага ўжытку. Што з’яўляецца таварам асабістага карыстання – будуць вырашаць мытнікі. Без мыта можна ўвезці ў Беларусь толькі па адным у год: тэлевізары, кухоннай плітцы, халадзільніку, камп’ютары і гэтак далей. Без мыта можна ўвесці толькі адзін камплект шынаў у год.

Для беларусаў гэта дакучлівае абмежаванне. Тут не расходзіцца пра алкаголь, бо ў Беларусі хапае свайго алкаголю. Расходзіцца пра іншыя тавары. Асабліва тыя, што жывуць у памежных рэгіёнах, масава закупляюць у Польшчы і Літве бытавую тэхніку і прадукты харчавання. Купляюць літаральна ўсё, акрамя малака і хлеба. Яны проста таннейшыя, чым у Беларусі, не кажучы пра тое, што і больш якасныя. Такая сітуацыя даўно не падабалася беларускім уладам, паколькі склады заваленыя сваёй непрададзенай прадукцыяй. У чэрвені непрададзеныя запасы склалі 90% месячнай вытворчасці.

Выглядае, што гэтыя змены цесна звязаныя з уведзеным з 1 жніўня расейскім эмбаргам на польскую садавіну і гародніну. Як паведаміў прэс-сакратар Россельхознагляду Аляксей Алексіенка, Расея будзе патрабаваць ад Беларусі далучыцца да расейскага эмбарга. «Мы ўтвараем адну мытную прастору, таму рызыкі для ўсіх аднолькавыя. Мы можам чакаць таго, што польскія бізнесоўцы будуць старацца сваю прадукцыю пастаўляць цераз трэція краіны пад выглядам мясцовай прадукцыі», — сказаў Аляксеенка. Калі ён мае на ўвазе рызыку для здароўя, дык хлусіць. Усе разумеюць, што прычыны ўвядзення эмбарга не былі санітарныя, а былі палітычныя. Іхняя садавіна і гародніна высокаякасная. Польскія сяляне сталі першымі ахвярамі пакаральных крокаў з боку Расеі за атыўную праўкраінскую пазіцыю Варшавы. Дырэктар «Галоўнай дзяржаўнай управы насенняводства, каранціну і аховы раслін Леанід Пляшко заявіў, што беларускі бок не атрымаў ад Расеі афіцыйнай просьбы спыніць імпарт польскай садавіны і гародніны. Пляшко ўхіліўся ад адказу на пытанне, ці Беларусь прыслухаецца да рэкамендацыі з боку Расеі. У кожным разе раней Беларусь ігнаравала расейскія заклікі да байкоту ўкраінскіх тавараў. Як павядзе сябе гэтым разам – паглядзім. Хутчэй за ўсё, будзе вымушана нейкім чынам прыслухацца да голасу Расеі. Будучы сябрам Мытнага Саюза, Беларусь не можа сабе дазволіць самастойнасці.

Беларусь прадала Украіне некалькі дзясяткаў грузавікоў і цягачоў МАЗ. Частка гэтай тэхнікі ўжо ўдзельнічае ў антытэрарыстычнай аперацыі. Аднак Расеі, якая сама пастаўляе баевікам ракеты і броентраспарцёры, нават такі невялічкі беларускі экспарт ва Украіну можа не спадабацца. Напэўна, з яе боку будзе ўзмацняцца патрабаванне, каб у расейска-ўкраінскім канфлікце Менск адкрыта стаў на бок Расеі. Выглядае, што Беларусь апынулася ў вельмі нязручнай сітуацыі і яна не зможа захаваць нейтралітэт. Ён прыйдзецца акрэсліцца. Яна не зможа рабіць добрыя паслугі «і нашым, і вашым». Гэта і ёсць чарговы доказ таго, што карысць ад уваходу ў Мытны Саюз і падпісанне Дамовы аб Еўразійскім Саюзе можа быць сумнеўная.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ