Палітычны “землятрус” у Польшчы



Серада 10 чэрвеня запомніцца ў Польшчы як дата глыбокай рэканструкцыі ўраду і выбачэння прэм’ера Эвы Копач не перад народам, а перад выбаршчыкамі “Грамадзянскай Платформы” за грахі ды занядбанні сваёй партыі і ўраду. На думку аглядальнікаў, перастаноўкі на міністэрскіх пасадах – гэта вымушаны роспачны крок, які, аднак, не верне даверу да кіруючай партыі перад восеньскімі парламенцкімі выбарамі.

Так званая “стужкавая афёра” ўсплыла на паверхню год таму. Тыднёвік “Впрост” апублікаваў частку падслуханых размоваў людзей палітыкі і бізнесу, якія сустракавалі ў двух варшаўскіх рэстаранах. Размовы нібыта запісалі афіцыянты па замове бізнесоўца Марка Фаленты. Акрамя бамжоўскага лексікону і абсалютна брыдкай лаянкі, грамадства было ўзбударажанае тым, як за грошы падаткаплацельшчыкаў прыўладныя людзі раскошна выпіваюць і закусваюць. Кампрамітацыя такіх палітыкаў, як міністр фінансаў Яцак Растоўскі, замежных справаў Радаслаў Сікорскі ды старшыня Нацбанка Марэк Бэлька, была татальная, аднак ніхто з палітыкаў дэ-факта не пацярпеў. Пракуратура цягам года корпалася ў справе, шукаючы сапраўдных заказчыкаў праслухоўвання, якія хацелі гэткім чынам зрынуць урад Дональда Туска.

Паўзабытая афёра раптам аджыла дзякуючы аднаму бізнесоўцу, які змясціў у Фэйсбуку матэрыялы следства, у тым ліку дадзеныя бізнесоўца Яна Кульчыка і шэфа Цэнтральнага Антыкарупцыйнага Бюро. Аказалася, што апальнага, судзімага і мабыць не крыштальна чыстага бізнесоўца хочуць прыцягнуць да адказнасці за публікацыю матэрыялаў, але балаган у самой пракуратуры, гэтак як і у многіх установах, гэта не яго віна. Уцечка матэрыялаў скандальна маруднага следства ў справе скандальнага здарэння, кампрамітацыі кіруючых элітаў следства, бяздарныя тлумачэнні Генпракурора і спрэчка ў Сойме абярнуліся рэзкім, але спозненым на цэлы год рухам Эвы Копач: прэм’ера і старшыні “Грамадзянскай Платформы”. Яна паслала ў адстаўку міністра аховы здароўя Арлуковіча, міністра скарбу Уладзіміра Карпінскага, Радаслаў Сікорскі пакіне пасаду спікера Сойму, а Яцак Растоўскі сыходзіць з пасады старшыні дараднікаў прэм’ера. Пералік усіх чыноўнікаў, якія адным махам страцілі пасады, не мае сэнсу. Гэта ўсяго толькі пачатак таго, што медыя ўжо ахрысцілі сапраўдным землятрусам. Толькі пры чым тут, для прыкладу, міністр аховы здароўя? Гэты неўдалота не павінен быць міністрам з самога пачатку. Адразу пасля афёры са стужкамі ўсе, хто меў дачыненне да яе, павінен падаць у адстаўку альбо прэм’ер Туск павінен яго прагнаць к чортавай маці. Чаму не прагнаў? Бо гэта была яго стратэгія. Пазбягаць расколу ў партыі. Любым спосабам захоўваць адзінства. Аднак бессаромныя палітыкі прыліплі да мягкіх крэслаў, забыліся пра рэальнае жыццё, з’явілася раскоша, застоллі, нахабства, самаўпэўненасць. Тым часам папулярнасць партыі можна будаваць і строгасцю ў дачыненні да сваіх. З’явіўся толькі цень падазрэння ў нячыстай справе – у адстаўку. Выбаршчыкам гэта падабаецца. Тым часам адбывалася адваротнае. Загледжаныя ў вынікі памысных апытанняў палітыкі кіруючай кааліцыі не заўважылі, што іхны кандыдат прайграў прэзідэнцкія выбары. Як гром з яснага неба! Але ж гэта было прадказальнае, бо пыха заўсёды прыводзіць да падзення. Партыя прайграла па свайму жаданню, бо страціліла пільнасць і кантакт з рэчаіснасцю. Яна нават лянавалася разрэкламаваць свае несумненныя поспехі.

“Адзінае, што магло б зрабіць нейкае ўражанне на палякаў, гэта адстаўка самой прэм’ер. Усё астатняе – гэта касметыка,” – напісаў былы міністр юстыцыі ва ўрадзе Туска Яраслаў Говін. Мабыць так. Але што з таго? Тады трэба хутка распісваць датэрміновыя выбары, хаця не паспеў уступіць на пасаду новаабраны прэзідэнт. Што б цяпер не зрабіла прэм’ер Эва Копач, як бы яна не ператрэсла ўвесь урад і ўсю палітычную сцэну, адно пытанне будзе яе сцябаць з усёй лютасцю: а дзе вы былі год таму? Чаму апамяталіся толькі цяпер?

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ