Пераможнае шэсце папулізму… але куды?



Выбарчая перамога Дональда Трампа імгненна прынесла негатыўныя наступствы для фінансавых рынкаў. У першую чаргу абваліліся валюты Канады і Мексікі з якімі Трамп абяцаў разарваць дамову пра свабодны гандль. Чакаецца, што гэта толькі пачатак эканамічнай і палітычнай нестабільнасці ва ўсім свеце.

Сёння зранку стала вядома, што Дональд Трамп набраў неабходныя 270 электарскіх галасоў, і гэта ён будзе 45-м прэзідэнтам ЗША. У выбарчым штабе Трампа яго прыхільнікі святкуюць перамогу свайго кандыдыта ў шапках з выбарчым лозунгам “ Зрабіць Амерыку зноў вялікай”. У сваёй першай прамове пераможца падзякаваў Хілары Клінтан за выбарчае спаборніцтва і яе службу для краіны. Трампу не перашкодзілі ўсе ляпсусы, некампетэнтнасць і абразлівыя заявы на адрас усіх навокал. Абяцанне зменаў, разгону вашынгтонскіх элітаў, папулісцкія лозунгі спрацавалі і ў выпадку дагэтуль прагматычных амерыканцаў. Нейкая дзіўная хваля расчаравання кіруючымі элітамі праходзіць па Еўропе і дайшла ажно да Амерыкі. Брытанцы засумавалі па міфічнай незалежнасці і ў выніку атрымалі “ Брэксіт” якога ўжо шкадуюць. У некалькіх еўрапейскіх краінах узмацняюцца нацыянальныя эгаізмы калі якраз патрэбнае адваротнае: еўрапейская згуртаванасць і салідарнасць. Гнеў супраць кіруючых элітаў схіліў амерыканцаў да абрання чалавека, якія якраз заўсёды належаў да прывілеяванага класа. Ён ніколі не запэцкаў рук цяжкай працай, не ведае і ніколі не спазнаў гаротнага жыцця. Сёння, ён мабыць сам дзіву даецца, як гэта яму ўдалося перамагчы гэтак як у свой час польскаму прэзідэнтку – Анджэю Дуду. Праўдападобна Трамп ужо пачынае чухаць патыліцу: а што тут рабіць з такім цяжарам адказнасці? Медыйнаму чалавеку гарланіць на трыбуне было не цяжка, але ўзяць на сябе стырно кіравання звышдзяржавай, гэта цалкам іншая справа. Нават маючы за сабою рэспубліканскую большасць у Кангрэсе, якая не будзе яму перашкаджаць. Мабыць адпачыўшы пасля начнога марафону яшчэ сёння пад вечар ён пачне нарады са сваімі бліжэйшымі памочнікамі. Што рабіць, з чаго пачаць? Як выканаць выбарчыя абяцанні? Як засыпаць прорву падзелу ў амерыканскім грамадстве і супакоіць сваіх еўрапейскіх саюзнікаў?

Калі 20 студзеня Дональд Трамп прынясе прысягу і пераселіцца ў Белы Дом, ён будзе найстарэйшым прэзідэнтам ЗША ў пачатку свайго кіравання. Амерыканскія выбары паказалі найперш памылковасць сацыялагічных даследванняў. Усе апытанні давалі, хай сабе і невялікую, аднак перамогу Хілары Клінтан. Яе выбар падаваўся больш разумным, прагматычным, карысным ледзь не для усіх. Аднак аказалася, што апытаньням нельга верыць. У гэтым пераканаўся былы польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі. Калі застаецца вялікая доля тых, хто яшчэ не вырашыўся, ніколі не трубіце перамогі. Затое сёння сапраўднае свята ў пуцінскай Расеі, а таксама ў шэрагах еўраскептыкаў кшталту Найджэла Фараджа ў Вялікай Брытаніі і Марын Ле Пэн у Францыі. Ле Пэн павіншавала Трампа з выбарчай перамогай. Неўзабаве пасыплюцца віншаванні з многіх бакоў. Толькі ці яны маюць што святкаваць? Тыя, што сёння распіваюць шампанскае з прычыны перамогі Трампа, хутка могуць пераканацца, што лепш мець справу з прадказальным ворагам, чым з безадказным і непрадказальным сябрам. Рэакцыя фінансавых рынкаў найлепшае пацверджанне гэтаму.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ