Піліпаўка і Адвэнт



Праваслаўныя і каталікі пачынаюць перадкалядны пост прыблізна ў адзін час. Што тычыцца яго характара і зместа, дык існуюць пэўныя разыходжанні і нюансы.

Для каталікоў, як дарэчы і для пратэстантаў, Адвэнт (ад лацінскага слова “прыйсце”) азначае радаснае чаканне сустрэчы з дарагім, важным госцем. Праваслаўныя ставяць націск на належную падрыхтоўку да гэтай сустрэчы, на ўдасканаленне, самакантроль, самаабмежаванне і аскезу. Праваслаўныя імкнуцца стаць годнымі, вартымі прыняць высокага госця. Што тычыцца назову “піліпаўка”, дык гэты назоў посту паходзіць ад Апостала Піліпа, памяць якога Царква ўшаноўвае 27 лістапада, і на наступны дзень уласна пачынаецца пост.

Піліп – адзін з 12-ці апосталаў, паходзіў з горада Віфсаіда ў Галілеі. Пра яго некалькі разоў згадваецца ў Евангеллях: калі прывёў да Хрыста апостала Нафанаіла, яго Хрыстос пытаў, колькі трэба грошай, каб купіць хлеба для 5 тысяч чалавек, (Ян.6,7) Піліп прывёў грэкаў, якія жадалі ўбачыць Настаўніка, і гэта ён падчас Тайнай Вячэры пытаўся пра Бога-Айца. Пасля Узнясення Хрыста на неба Піліп прапаведваў у Галілеі, затым у Грэцыі, Сірыі і Малой Азіі, паўсюль здзяйсняючы вялікія цуды. Шмат разоў яго і сястру Марыю, якая спадарожнічала брату, закідвалі камянямі, кідалі за краты і выганялі з населеных месцаў. У Фрыгіі разам з апосталам Варфаламеем Піліп быў укрыжаваны і памёр. Зняты жывым з крыжа Варфаламей разам з сястрой Піліпа працягвалі місіянерскую дзейнасць, прапаведвалі ў розных гарадах, аднак паўторна ўкрыжаваны і Варфаламей памёр на крыжы, а сястра Піліпа Марыям памерла пры невядомых акалічнасцях пазней у Лікаоніі.

Перадкалядны пост адзначаўся ўжо ў раннехрысціянскія часы, аднак яго працягласць у розных цэрквах была неаднолькавая. Толькі  ў 1166 годзе Сабор у Канстантынопалі акрэсліў пастаянную дату пачатку і канца посту. Узмацненне посту рэкамендавалася на пяць дзён перад Раством Хрыстовым. Напярэдадні свята існуе пабожны звычай паўстрымоўвацца ад ежы ажно да вячэры. Гэты пост называеца Чатырадзесятніцай, таму што гэтак, як і Вялікі Пост, працягваецца сорак дзён.

У Праваслаўнай Царкве чытыры шматдзённыя пасты. Пост –  гэта перыяд узмоцненага самакантролю і пацверджанне кіраўніцтва Царквы. Прынцыпова цялесная памяркоўнасць адкрывае шырэйшы доступ для духу, паглыбляе пачуццё віны, утаймоўвае жаданні і спакусы. Абмежаванне сваіх натуральных патрэбаў даказвае, што чалавек здольны на самаадрачэнне і ахвяру, а таксама на падпарадкаванне цела духу і, такім чынам, Богу.

Пост быў вядомы і практыкаваны ўжо ў Старым Запавеце. Майсееў Закон устанавіў пост у „вялікі дзень ачышчэння” (Лев. 16, 29; 20,27). У час катаклізмаў і бедаў абвяшчаліся парудзённыя пасты, падчас якіх народ паўстрымоўваўся ад ежы, у жабрацкіх вопратках і з галовамі, пасыпанымі попелам, прасіў Бога аб дапамозе і міласэрнасці (Быцьцё. 20, 28; 1 Сам. 7, 6 і 14, 24; 2 Сам. 12, 16). У час вавілонскай няволі габрэі выконвалі чатыры віды посту. У Новым Запавеце Ісус Хрыстос і апосталы сваім уласным прыкладам пацвердзілі значэнне і мэтазгоднасць посту (Лук. 5, 34; 2 Кар. 6, 5 і 11, 27; Мацьв. 4, 2; 6, 16 і 17, 21; Дзеі. 13, 2). Колькасьць пастоў ды іхная працягласць змяняліся.

Пасты дзеляцца на аднадзённыя і шматдзённыя. Да аднадзённых належаць серады і пятніцы ў памяць здрады Юды і пакутаў ды смерці Хрыста, у свята Узвіжання Крыжа Гасподняга, у дзень Адсячэння Галавы св. Яана Хрысціцеля, а таксама напярэдадні свята Богаяўлення. Выключэннем з’яўляюцца тыдні перад нядзелямі аб мытніку і фарызеі ды сырапуснай, паслявелікодны тыдзень, тыдзень пасля Пяцідзесятніцы і г.зв. святкі – перыяд ад Раства Хрыстовага да свята Богаяўлення.

На царкоўнаславянскай мове гэтыя перыяды называюцца сплашнымі сядміцамі і гэта значыць, што ўсе яны без выключэння няпосныя. Да шматдзённых пастоў, акрамя “піліпаўкі”, залічаюцца: Вялікі Пост разам з Вялікім тыднем (Страсная сядміца), Успенскі Пост і Пятроў.

 

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ