Пірава перамога Орбана



Учора ў Вугоршчыне адбыўся рэферэндум у пытанні квотаў пры размеркаванні ўцекачоў у краінах Еўразвязу. Пераважная большасць тых, што прынялі ўдзел у рэферэндуме прагаласавалі «супраць» навязвання краіне пэўнай квоты ўцекачоў, аднак сам вугорскі плебісцыт аказаўся несапраўдным з прычыны недастатковай выбарчай яўкі.

Больш за 10 тысяч выбарчых участкаў былі адкрытыя з 6-й раніцы да 19-й увечары. Пытанне пастаўленае перад больш як 8 мільёнамі вугорцаў гучала: «Ці хочаце Вы, каб Еўразвяз мог распарадзіцца, нават без згоды парламента, наконт абавязковага пасялення ў Вугоршчыне асоб іншых чым грамадзяне Вугоршчыны? Каб рэферэндум быў сапраўдным, павінны былі прыняць удзел у ім удзел трохі больш як 4 мільёны 100 тысяч грамадзянаў. Аказалася, што пераважная большасць, 98% вугорцаў прагаласавалі на «не», аднак выбарчая яўка склала менш за 50% і ў выніку рэферэндум аказаўся несапраўдным.

Галасаванне ініцыяваў урад на чале з Віктарам Орбанам спасылаючыся, найперш, на тэрарыстычную пагрозу. Галасаваць на «не» настойліва заклікаў урад і кіруючая партыя “ Фідэш”, а таксама крайне-правая партыя “Ёббік”. Байкатаваць рэферэндум альбо галасаваць на «так» заклікалі апазіцыйныя партыя, у прыватнасці сацыялісты і «Вугорская Ліберальная Партыя», якая выступае за больш адкрытую і салідарную Еўропу. Для прэм’ера і яго партыі гэта быў адначасова тэст на папулярнасць і аўтарытэт у грамадстве. «Калі большасць вугорцаў скажа «так», тады ўрад падасць у адстаўку і адбудуцца датэрміновыя выбары» — заявіў яшчэ да пачатку галасавання лідэр парламенцкай фракцыі «Фідэшу» Ляёш Коша. Аднак ён дадаў, што рэферэндум будзе мець юрыдычныя наступствы незалежна ад выбарчай яўкі. «Калі больш будзе галасоў на «не», тады парламент прыступіць да распрацоўкі зменаў у Канстытуцыю альбо закону, які засцеражэ Вугоршчыну ад непажаданых прышэльцаў. Таксама прэм’ер заявіў, што лепей, каб больш было галасоў на «не», бо гэта легітымізуе ўрад і парламент. Аднак незалежна ад яўкі, палітычна-юрыдычныя наступствы адбудуцца так ці інакш, бо ўрад і парламент ужо раней вырашылі, што гэта яны будуць вырашаць з кім вугорцы хочуць жыць-заявіў Віктар Орбан. Затое апазіцыя абвінаваціла прэм’ера ў спробе адвярнуць увагу грамадств ад больш важных праблемаў такіх як сітуацыя ў сістэм адукацыі і ахове здароу’я.

У цэлым атрымалася гэтак, што першы ў Еўразвязе рэферэндум у пытанні ўцекачоў увогуле не надта быў патрэбны. Ён выявіў тое, пра што было вядома і раней: што большасць вугорцаў не хочуць, каб Брусель навязваў краіне, колькі імігрантаў і каго краіна павінна прыняць у рамках еўрапейскай салідарнасці. Для гэтага дастаткова было правесці некалькі апытанняў. Не надта быў патрэбны і таму, што бачачы згодны супраціў шэрагу краінаў, найперш з цэнтральнай і ўсходняй Еўропы, у сталіцах так званай «старой Еўропы», найперш у Берліне, і без гэтага перасталі згадваць пра «квоты». Не было таксама канкрэтных механізмаў пакарання непакорлівых сябраў Еўразвязу. Аднак прэм’ер Віктар Орбан хацеў даказаць, што пытанне ўцекачоў сапраўды важнае для вугорцаў, што ён праводзіць згодную з воляй народу і што для падтрымкі свайго курсу ён здольны мабілізаваць грамадства. З гэтым апошнім у яго не атрымалася, адсюль можна гаварыць пра яго «піраву» перамогу.

А якія могуць быць наступствы рэферэндуму для ўсяго Еўразвязу? Найперш такія, што мабыць не будуць праводзіць падобных апытанняў такія краіны як Польшча альбо Чэхія. Па-другое, у Бруселі ўжо з упэўненасцю ведаюць, што камандную, цэнтралізаваную сістэму Еўразвязу адкідае значна група краінаў. Зараз паўстае пытанне: ці ўцекачы ды імігранты канчаткова не расколюць Еўразвяз знутры. Калі б гэта здарылася, у пройгрышы і сябрамі другой катэгорыі аказаліся б якраз краіны непрыхільныя ўцекачам. Ізноў атрымліваецца, што празмерна настойваючы на сваім суверэнітэце і вяршэнстве свайго заканадаўства над еўрапейскім, некаторыя краіны застануцца са сваім нацыянальным гонарам, але на ўзбочыне Еўразвязу.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ