Польшча – Беларусь: аднаўленне дыялогу



«Беларусь гатовая на самае цеснае супрацоўніцтва з Польшчай пры ўмове захавання свайго суверэнітэту і незалежнасці» — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з міністрам замежных справаў Польшчы Вітальдам Вашчыкоўскім. Кіраўнік польскага МЗС-у завяршае свой двухдзённы візіт у Беларусь.

Беларускі кіраўнік выказаў спадзяванне, што пасля візіту польскага міністра ў Беларусь, краіны будуць больш інтэнсіўна развіваць двухбаковыя адносіны.«Нядобра нам глядзець адзін на аднаго цераз плот. Мы заўсёды знаходзілі супольную мову. Хацелася б, каб так было і цяпер», — заявіў Лукашэнка. Ён выказаў задаволенасць, што хоць і пасля такога доўгага перапынку, візіт польскага міністра ў Беларусь усё ж адбыўся. Лукашэнка заявіў, што ў пытаннях суверэнітэта і незалежнасці, а таксама ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы, паміж дзвюма краінамі няма разыходжанняў.

Галоўным пунктам учорашняга дня была сустрэча Вашчыкоўскага з ягоным беларускім калегам Уладзімірам Макеем. Яны ўсяго толькі пазнаёміліся і накрэслілі ў агульных рысах будучыя адносіны. «Беларусь і Польшча гатовыя да кампраміснага рашэння найбольш чуллівых пытанняў. «Мы маем намер актывізаваць польска-беларускі дыялог па ўсіх накірунках….у нашых адносінах ёсць шэраг заклапочанасцяў, якія мы проста абавязаны прыбраць з павесткі дня. Мы дамовіліся пра канкрэтны алгарытм ўзаемадзеяння па гэтым ды іншых пытаннях». «Мы лічым, што ў адносінах Беларусі і Польшчы закладзены падмурак узаемадаверу і гэты фундамент неабходна развіваць і далей, ….выбудоўваць плённае супрацоўніцтва ў духу добрасуседства, павагі і гатоўнасць да кампрамісу», — у вельмі расплывістых фразах заявіў Уладзімір Макей. Ён не прамінуў падкрэсліць, што пры ўсёй шматвектарнасці беларускай палітыкі, пры ўсім жаданні наладжваць адносіны з Еўразвязам, для Беларусі галоўным саюзнікам і партнёрам застаецца Расея. У сваю чаргу польскі міністр дадаў, што «мы аднолькава сур’ёзна адносімся і да эканамічных і да гістарычных пытанняў». «Мы будзем узнімаць пытанні і гаспадарчыя, і культурныя, і шмат іншых, якія варта паміж суседзямі ўрэгуляваць», — сказаў ён. «Мой урад сваімі каранямі сягае «Салідарнасці», і таму мы проста ня маем права забывацца пра такія рэчы, як дэмакратыя і правы чалавека. ….Адносна Беларусі, давайце ўзгадаем, што свет будаваўся не адразу, і мы гэта разумеем…. Мы зацікаўленыя ў тым, каб суседняя Беларусь была сучаснай дзяржавай»—заявіў Вашчыкоўскі.

Што тычыцца канкрэтыкі, дык польскі міністр не дамовіўся ў справе непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў. «Мы кажам, што пакуль хочам захаваць сітуацыю такім чынам, каб яна не спараджала непатрэбных надзеяў,» — заявіў Вашчыкоўскі перад сустрэчай з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай грамадскасці. Польскі міністр прызнаў, што з міністрам Макеем ён не змог таксама дамовіцца наконт акрэдытацыі польскіх медыя у Беларусі, у прыватнасьці тэлеканалу «Белсат», які ў чацверты раз спрабуе атрымаць акрэдытацыю. «Мы гаварылі сёння пра дэмакратызацыю і пра тое, што СМІ «не шкодзяць, а толькі інфармуюць…яны павінны служыць свабодзе, а не выкарыстоўвацца ў інтарэсах палітыкаў».

Наведваючы візавы цэнтр Польшчы ў гандлёвым цэнтры «Галілеа» у Менску Вашчыкоўскі адзначыў, што «польскі МЗС робіць усё магчымае дзеля спрашчэння працэдуры атрымання беларусамі візаў у Польшчу». Яшчэ да пачатку візіту было вядома, што Вашчыкоўскі ўзніме пытанне малога, памежнага руху.

Міністр наведаў таксама Курапаты. «Тут загінула шмат прадстаўнікоў розных народаў, сярод якіх шмат тысяч палякаў. Мы ні ў чым не вінавацім беларусаў. Мы хочам разам шанаваць гэтае месца. Калісьці абодва нашы народы былі ахвярамі адной імперыі», — сказаў ён.

У плане візіту міністра Вашчыкоўскага сустрэча з палякамі ў Гародні, наведванне Ваўкавыска, дзе жыў яго дзед і дзе нарадзілася і жыла ягоная маці, і, магчыма, сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

У цэлым можна сказаць, што першы за больш як 5 гадоў візіт польскага міністра быў усяго толькі дыпламатычнай разведкай, спробай азнаямлення з сітуацыяй і навязання кантактаў. Было відавочна, што ні Аляксандр Лукашэнка ні тым болей Уладзімір Макей не маюць для польскага міністра ніякіх, канкрэтных прапановаў. Ні лёс Саюзу Палякаў, ні малы памежны рух не маглі быць палагоджаныя цягам гэтага кароткага візіту. Хутчэй за ўсё, афіцыйны Менск пачынае прамаўляць як раўнапраўны партнёр, не прыймае крытыкі і не схільны прыслухацца да аргументаў польскага боку. Вось таму, хоць гэта першы за больш чым 5 гадоў візіт міністра замежных справаў у Менск, аднак, пра ніякія канкрэтныя вынікі ад яго не прыходзіцца гаварыць.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ