Поўнай незалежнасці не бывае



Кіраўнік Нацыянальнай Тэлерадыёкампаніі Генадзь Дывыдзька заявіў, што “незалежных сродкаў масавай інфармацыі не існуе ў прыродзе”. Пра гэта ён заявіў падчас тэлепраграмы «Клуб рэдактараў», паказанай вечарам 9 жніўня на «Беларусь 1».

«Цвёрда перакананы: незалежных СМІ не існуе ў прыродзе. Усялякі сродак масавай інфармацыі служыць нейкай ідэі, адлюстроўвае інтарэсы сваіх уладальнікаў. У кожнага СМІ ёсць свая рэдакцыйная палітыка», – падкрэсліў медыя-эксперт. Акрамя непісьменнасці фармулёўкі “перакананы”, альбо па-расейску «убеджён» да зместу выказвання я не мае аніякіх засцярогаў. Адносна «звароту» “перакананы”, гэта спадчына савецкіх часоў, калі генеральныя сакратары кампартыі прапагандавалі гэтую моўную дурноту: «пераканы». Хто перакананы?.. Скажы, што я перакананы, альбо партыя перакананая, што вось так ці гэтак. Аднак моўнае пытанне тут другараднае. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі прызнае, што «шчасліва жыць у нашай краіне хочуць абсалютна ўсе: прадстаўнікі дзяржаўных і недзяржаўных СМІ». «То бок, гэта жаданне агульнае. Проста бачанне трохі рознае», – сказаў ён. Інакш кажучы, жадаючы дабра сваёй краіне, журналісты розных медыя трохі інакш уяўляюць дасягненне гэтай мэты. Разумеюць сваё пакліканне, але атаясамліваюць сябе з іншай сілай, здольнай ашчаслівіць народ. Дарэчы, у праграме удзельнічаў журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук, які ўзняў праблемнае пытанне журналістаў-фрылансераў. Адказу на сваё пытанне ён не атрымаў, бо і не мог атрымаць. « Фрыланслер» – гэта па-ангельску “вольны стралок”. Гэта чалавек, які працуе так, як хоча, колькі хоча, калі хоча і дзе хоча, і як яму падаецца слушным, а ці нехта пакарыстаецца ягонымі паслугамі, купіць ягоны матэрыял – гэта іншая рэч. Гэта справа попыту і прапанавання. Чыста тэхнічная, эканамічная праблема.

Перш чым скардзіцца на несвабоду слова і прэсы, варта прыняць да ведама, што добрыя тэксты заўсёды будуць запатрабаваныя. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены, бо сам у гэтым пераканаўся. Сорак пяць гадоў таму цэнзар крэмзаў мой тэкст, каб пазбегнуць фармулёўкі «здрада Радзіме». Ён разумеў, што малады аўтар меў на ўвазе здраду сваёй «малой Айчыне», адмаўленне ад сваіх вясковых каранёў, але баяўся, каб у сядзібе партыі, 200 метраў ад рэдакцыі, не падумалі, што нейкі гаўнюк піша такія недарэчнасці. Ён вычаркнуў небяспечную фразу. Іншым разам, 30 гадоў пазней, працуючы на грошы самай свабоднай краіны ў свеце – ведаеце якой – я дапусціў у рэлігійнай перадачы поўную непаліткарэктнасць. У казанні, якое я скарыстаў у сваёй перадачы,  пастар з Менска назваў гомасэксуалізм вычварэнствам і цяжкім грахом – паводле Бібліі. Не дапамог ні аўтарытэт Бібліі, ні тое, што гэта сказаў не я, а пастар менскай пратэстанцкай абшчыны. Я атрымаў строгую вымову ад кіраўніцтва радыёстанцыі. Вымова была патлумачаная тым, што нельга ў перадачы, падпісанай маім прозвішчам, ужываць слоў,  якія могуць абражаць чые-небудзь пачуцці. Мае пачуцці былі тады таксама абражаныя, як мала чые ў свеце, але я быў вымушаны прамаўчаць. «На чыім возе едзеш, таму і песеньнку спявай», – гаворыцца ў прымаўцы.

Я быў бы ў стане назваць у сваёй біяграфіі як мінімум 100 прыкладаў, калі прыйшлося мірыцца з пачуццём залежнасці ад працадаўцы. Незалежнасць – гэта ўсяго толькі частковая незалежнасць ад нечага, затое пры гэтым існуе поўная залежнасць ад іншага.

Паводле майго досведу, магу толькі сказаць, што дыяпазон творчай і журналісцкай незалежнасці значна шырэйшы цяпер, чым гэта было ў таталітарныя часы. Значыць: са спадаром Генадзем Дывыдзькам я згодзен, толькі не цалкам.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ