Права быць сусветным лідарам



Прэзідэнт ЗША Барак Абама выступіў з важнай заявай адносна лідарства Амерыкі ў свеце. У сваім суботнім звароце ён заявіў, што ў сучасны, неспакойны час Злучаныя Штаты застаюцца адзінай лідзіруючай і стабілізуючай сілай у свеце.

Барак Абама прыгадаў, што ЗША ў мінулым і цяпер рашуча прыступалі да вырашэння самых важных, надзённых міжнародных праблемаў. Прэзідэнт адзначыў вядучую ролю Амерыкі ў міжнароднай кампаніі па знішчэнні радыкальнай групоўкі «Ісламская дзяржава», а таксама ў намаганнях супраць таго, што ён назваў «агрэсіяй Расеі ва Украіне». Злучаным Штатам удалося стварыць міжнародную кааліцыю супраць джыхадзістаў. У яе склад увайшлі нават ісламскія дзяржавы на Блізкім Усходзе, якія шакаваныя жорсткасцю баевікоў самаабвешчанага “Ісламскага каліфату”. Лютасць джыхадзістаў схіліла нават лідараў Аль-Кайды заклікаць джыхадзістаў да стрыманасці, бо іхнае варварства ўмацоўвае непрыхільнае стаўленне да ісламу ў цэлым.

Барак Абама падкрэсліў, што ЗША спрабуюць таксама паспрыяць вырашэнню канфлікту ва Украіне. «Разам з нашымі саюзнікамі мы будзем падтрымліваць народ Украіны па меры развіцця ў іх дэмакратыі і эканомікі. На гэтым тыдні я заклікаў яшчэ большую колькасць народаў далучыцца да нас на слушным баку гісторыі», — паведаміў прэзідэнт ЗША. Абама згадаў таксама, што ЗША актыўна ўключыліся ў барацьбу з эпідэміяй ліхаманкі Эбола ў Заходняй Афрыцы. Ён сказаў, што ЗША накіроўваюць лекараў і навукоўцаў пры падтрымцы ўзброеных сілаў ЗША, «каб не дазволіць пашырэння эпідэміі  і распрацаваць новыя мэтады лячэння». Амерыканскі прэзідэнт адзначыў, што ўвесь свет чакае ад ЗША лідарства, што ўвесь свой вялікі патэнцыял яны скарыстаюць для вырашэння галоўных праблемаў сучаснасці.

Заявы пра лідарства ЗША яўна не спадабаліся Расеі. “НАТО няздольнае на змену свайго генетычнага коду, сфармаванага ў эпоху “халоднай вайны,” – заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў. Ён папракнуў ЗША ў мілітарызме, асудзіў налёты на пазіцыі джыхадзістаў у Іраку і Сірыі. Лаўроў прыгадаў няўдалыя, адвольныя ваенныя аперацыі ЗША ў Югаславіі, Іраку, Лівіі і Аўганістане. Адносна Украіны Лаўроў заявіў, што крызіс ва Украіне з’яўляецца вынікам дзяржаўнага перавароту, які падтрымалі ЗША і Еўразвяз. Маўляў, “частка ўкраінскага народу вырашыла бараніць свае правы на родную мову, культуру і гісторыю”. Ён ні словам не заікнуўся, якім чынам Расея захапіла Крым, ні пра тое, што Расея актыўна падтрымлівае сепаратыстаў і пасылае ва ўсходнюю Украіну салдат і зброю. З боку Расеі ён не бачыць нічога заганнага, хаця гэта яўнае вяртанне да логікі сферы ўплываў, да імперскай дамінацыі над слабейшымі суседамі, якія нібыта абавязаны навекі заставацца паслухмянымі васаламі мацнейшай дзяржавы. Якраз гэта разбурае міжнародны лад і заміж утаймоўваць канфлікты, Расея іх распальвае.

Расея не можа змірыцца са стратай статусу звышдзяржавы, які яна мела ў часы Савецкага Саюзу, таму і бясконца падкрэслівае непрымальнасць аднапалярнага свету. Можна часткова альбо і поўнасцю пагадзіцца з Лаўровым, што войны ў Югаславіі, Іраку, Лівіі і Аўганістане магчыма ўвогуле не варта было пачынаць. Аднак калі гаворка ідзе пра “ ісламскі каліфат”, дык пазіцыя Расеі – незразумелая. Брутальнасць, лютасць, варварства, забойствы, згвалтаванні ўсіх іншадумцаў ды іншаверцаў агаломшылі ўвесь свет, толькі Расею яны не хвалююць. Яе хвалюе павялічэнне тэрыторыі, бо адзін з дэпутатаў Дзярждумы заявіў нават, што ЗША павінны вярнуць Расеі частку Каліфорніі. У Расеі ўдвая менш насельніцтва і ў дзесяць разоў меншы валавы ўнутраны прадукт, чым у ЗША. У яе толькі больш чым у ЗША ядзерных ракет. Аднак ядзерным арсэналам можна толькі палохаць свет, але нельга яго зрабіць больш справядлівым і бяспечным. ЗША маюць маральнае права і нават маральны абавязак заставацца сусветным лідарам.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ