Што далей з ЕГУ?



Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні аб’явіў конкурс на новага рэктара гэтай ВНУ. Як паведамілі ва ўніверсітэце, падаваць свае заяўкі можна да канца гэтага года, а новы рэктар універсітэта павінен уступіць на сваю пасаду ў першай палове 2017 года.

Пра конкурс і яго ўмовы паведаміў кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта. Па яго словах, выбар новага кіраўніка гэтай установы будзе праводзіцца кансалтынгавым агенцтвам Mercuri Urval пад эгідай Шведскага агенцтва міжнароднай супрацы ў галіне развіцця. Ад новага рэкатара чакаецца: як мінімум доктарская навуковая ступень (PhD), не менш як 15-гадовы выкладчыцка-навуковы досвед, 5-гадовы досвед кіравання ў ВНУ, досвед у кантактах са структурамі Еўразвязу і іншымі навучальнымі ўстановамі, а таксама свабоднае валоданне ангельскай мовай. Пажаданае таксама валоданне беларускай і расейскай мовамі. Як паведаміў Максімас Мілта,  да 30 снежня будуць прымацца заяўкі кандыдатаў, затым у палове студзеня 2017 года будуць адабраныя тры галоўныя прэтэндэнты. Потым з іх ліку будзе адабраны наймацнейшы кандыдат. Адбор правядзе камітэт у складзе прадстаўніка Агульнага сходу сузаснавальнікаў, прэзідэнта, часова выконваючага абавязкі рэктара ЕГУ, і прадстаўнікоў Кіруючай Рады і Сената вучэльні. Канчатковае рашэнне прыме агульны сход сузаснавальніка, паведаміў Максімас Мілта.

Зараз, з паловы кастрычніка, універсітэтам часова кіруе датчанін Ёрген Ёргенсен. Ён замяніў на пасадзе рэктара Дэйвіда Поліка, які займаў пасаду рэктара  з красавіка 2015 года да канца чэрвеня 2016 года. Дарэчы, яго выбар адбыўся у атмасферы вялікіх жарсцяў і і эмоцый. Шмат каму гэты выбар быў непрымальны з прычыны асабістых і прафесійных якасцяў Поліка: ён нават не валодаў ні беларускай, ні расейскай мовамі. Затое Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт надзвычай важны для дэмакратычнай грамадскасці Беларусі. Ён быў заснаваны ў Менску яшчэ да прыходу да ўлады Лукашэнкі ў 1992 годзе, аднак у 2004 годзе быў закрыкты беларускімі ўладамі па чыста ідэалагічных прычынах. Ён муляў беларускаму кіраўніку найперш з прычыны сваёй еўрапейскай, дэмакратычнай скіраванасці. Ён быў незалежны хаця б у тым сэнсе, што з самага пачатку фінансаваўся міжнароднай кааліцыяй донараў. У 2005 годзе ўніверсітэт аднавіў сваю дзейнасць у Вільні з нефармальным статусам беларускага ўніверсітэта ў выгнанні.

Вакол ЕГУ раз-пораз разгараюцца жарсці, скандалы, ды і ў ім самім няма стабілізацыі. Універсітэт мае праблемы з фінансаваннем, бо сярод донараў няма яснасці адносна таго, чым універсітэт займаецца, якая ў яго місія, чаму ён служыць і ці ён наогул патрэбны. У час кіравання ЕГУ праф. Анатолем Міхайлавым вяліся вострыя дыскусіі наконт характару ўніверсітэта: ці трэба яго арыентаваць найперш на патрэбы Беларусі, ці перарабіць у рэгіянальную ВНУ, адкрытую не толькі для беларусаў, але і для студэнтаў з Расеі, Украіны ды іншых краін. Шмат было скандалаў са звальненнем некаторых выкладчыкаў, якім не падабалася палітыка кіраўніцтва ўніверсітэта. Затое лідары беларускай апазіцыі і дэмакратычнай грамадскасці заўсёды  настойвалі на тым, каб ЕГУ быў “кузняй кадраў для новай, дэмакратычнай, праеўрапейскай Беларусі”. Адпаведна ўніверсітэтам і павінен кіраваць беларус. Таму яшчэ да абрання Дэйвіда Поліка на пасаду рэктара ЕГУ прэтэндавалі: палітык Аляксандр Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч і філосаф Таццяна Шчытцова.

Мяркую, што разам з новым конкурсам на пасаду рэктара ЕГУ адновяцца дыскусіі вакол яго характару і скіраванасці. Вельмі цікава, хто з беларусаў будзе прэтэндаваць на гэтую пасаду. Па-мойму, трэба падаваць свае заяўкі, не аглядаючыся на тыя патрабаванні, бо яны не заўсёды выконваліся. Важна, каб універсітэту вярнуць яго першапачатковае і выратаваць яго для будучай Беларусі”.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ