Трамп расчароўвае Пуціна



Расея мае усе падставы быць расчараванай новай адміністрацыяй ЗША. Фаварыт Крамля, Дональд Трамп заклікаў Расею вярнуць Крым Украіне, у адстаўку падаў дараднік у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Майкл Флін, Кангрэс хоча рассьледваць іншыя кантакты каманды Трампа з Масквою, а учора міністр абароны ЗША Джэймс Мэтіс заклікаў не дэмантаваць НАТО, а наадварот – умацаваць альянс, павялічваючы выдаткі на абарону.

Заява Белага Дому аб тым, што прэзідэнт ЗША чакае ад Расеі вяртаньня Крыму Украіне і дээскалацыі канфлікту ва Украіне, яўна раз’юшыла Крэмль. Сам Дональд Трамп напісаў, што анексія Крыму адбылася пры яго папярэдніку і ён задаецца пытаньнем, ці пасьля гэтага Барак Абама не быў занадта лагодны. Падаў у адстаўку дараднік па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Майкл Флін, якія часта кантактаваў з расейскім амбасадарам Сяргеем Кісьляком і іншымі прадстаўнікамі Расеі, закранаючы таксама пытаньне санкцыяў.

Зараз група кангрэсменаў заклікала міністра Юстыцыі правесьці сьледства у справе усіх, акрамя Фліна, падазроных на прадмет кантактаў выбарчай каманды Трампа з Расеяй. Рэспубліканскія сенатары Джон Маккейн і Ліндзі Грэм лічаць, што варта было б атрымаць адказ на многія пытаньні, якія узьніклі пасьля адстаўкі Фліна. “Калі былі непахвальныя кантакты атачэньня Трампа з расейскімі прадстаўнікамі, дык пара каб Кангрэс стварыў спецкамісію дзеля поўнага выясьненьня усіх справаў зьвязаных з Трампам і Расеяй, – заявіў Ліндзі Грэм. Лідар рэспубліканскай большасьці у Сэнаце Міч Макконэль лічыць, што сьледства варта пашырыць на пытаньне ролі, якую расейскія кібератакі адыгралі у прэзидэнцкай кампаніі.

Чарговая, непрыемная для Масквы навіна паступіла учора, 15 лютага з Бруселю. У сядзібе НАТО, пра які Трамп, будучы яшчэ кандыдатам на пасаду прэзідэнта, казаў, што “ альянс – састарэлы”, адбылася сустрэча міністраў абароны НАТО з удзелам прадстаўніка ЗША Джэймса Мэтіса. Кіраўнік Пентагону запэўніў саюзьнікаў аб падтрымцы Дональда Трампа для Паўночна-Атлантычнага саюзу. Аднак пры гэтым ён паўтарыў патрабаваньне ЗША: усе краіны-чальцы павінны абавязкова павялічыць выдаткі на калектыўную абарону як мінімум да 2% валавага ўнутранага прадукту. “Амеыка будзе выконваць свае абавязацельствы, але калі не хочаце ўбачыць з боку ЗША скарачэньня падтрымкі для НАТО, кожны з вас павінен прадэманстраваць уклад у нашую агульную абарону,”- заявіў Мэтіс.

Адносна Расеі ён заявіў, што ЗША і НАТО зацікаўленыя ва ўзаемадзеяньні з Расеяй, аднак мы павінны абараняццца, калі Расея вырашыць дзейнічаць насуперак міжнароднаму праву.. Мы адкрыты на магчымасьць аднаўленьня супрацоўніцтва з Масквою, але пры гэтым мы – рэалістычныя ў нашых спадзяваньнях і рэкамендацыях нашым дыпламатам весьці перамовы з пазіцыі сілы”. У адказ на гэтыя словы, генсек НАТО Енс Стольтэнбэрг нагадаў, што ўжо ў верасьні 2014 году чальцы НАТО абяцалі павялічыць выдаткі на абарону, аднак тую адзнаку 2% дасягнулі толькі 5 з 28 краін. Зараз, можна быць упэўненымі, што пасьля такога моцнага сігналу наконт салідарнага падзелу коштаў абароны свабоды, ваенны патэнцыял НАТО будзе вельмі хутка павялічаны.

У цэлым, можна сказаць, што Расею напаткала чарговае расчараваньне. Пасьля свайго выбару Трамп не кінуўся ў абдымкі з Пуцінам, але нагадаў яму пра вяртаньне Крыму і выхад з Данбасу. Калі Кангрэс пачне дзяўбсьці прэзідэнта за яго сімпатыю да Расеі, Трамп будзе даказваць адваротнае: што ў дачыненьні да Расеі ён больш строгі, чым яго папярэднік. Адносна НАТО таксама адбылося адваротнае: заміж яго аслабленьня адбудзецца ўмацаваньне. Гэта азначае дэ факта гонку ўзбраеньняў, а такога цяжару Расея не пацягне. Вось гэтак цягам няпоўнага месяца разьвеяліся ілюзіі Крамля наконт таго, што яны перамаглі на выбарах у ЗША.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ