Ці спраўдзіліся надзеі на рыжскі саміт?



Сёння ў Рызе завершацца адразу тры форумы ў рамках “Усходняга Партнёрства”. У сераду ў сталіцы Латвіі, якая зараз старшынюе ў Еўразвязе, сабраліся прадстаўнікі медыяў і грамадзянскай супольнасці, у чацвер – бізнесоўцы і ў пятніцу – афіцыйныя прадстаўнікі 6 дзяржаваў-удзельніц праграмы.

Паводле латышскага МЗС-у, удзельнікі саміту ацэняць прагрэс, дасягнуты ў адносінах паміж Еўразвязам і яго ўсходнімі партнёрамі з часу апошняга саміту ў Вільні. Прадстаўнікі трох краін: Грузіі, Малдовы і Украіны спрабуюць прасунуць рэалізацыю пагадненняў аб асацыяцыі з Еўразвязам. Украіна і Грузія спадзяваліся, што ў Рызе будуць падпісаныя дамовы аб бязвізавым рэжыме, аднак ім прыйдзецца яшчэ пачакаць. У выніковай дэкларацыі знайшоўся толькі агульны запіс пра еўрапейскія памкненні і выбар, аднак без якой-небудзь канкрэтыкі. Вядучыя краіны Еўразвязу: Нямеччына, Францыя, Італія і Галандыя не хацелі ў дэклярацыі нават згадкі пра будучае сяброўства краін “шасцёркі” ў Еўразвязе. Еўракамісар у пытаннях суседства і пашырэння Ёганэс Хан заявіў, што Украіна павінна засяродзіцца на рэформах. Пасля заканчэння бізнес-форуму, Хан удакладніў, што перш чым падаваць заяўку на сяброўства ў Еўразвязе Украіне трэба прайсці даўгі шлях: не проста прыняць каля 60-ці адпаведных законаў, але і фактычна праводзіць рэформы. Еўракамісар лічыць, што Кіеву спярша трэба рэалізаваць Дамову аб свабодным гандлі з Еўразвязам.

У Рызе краіны-удзельніцы “Усходняга Партнёрства” не пачулі нават даты ўвядзення бязвізавага рэжыму. Гаворыцца толькі, што гэта стане магчымым пасля выканання ўсіх умоваў, аднак не раней чым у наступным годзе. Па словах амбасадара Украіны пры Еўразвязе Канстанціна Елісеева, Кіеў ужо выканаў 10 з 15-ці крытэрыяў. Грузія цвердзіць, што выканала ўсе ўмовы, аднак хутчэй за ўсё да канца году бязвізавы рэжым не будзе ўведзены для абедзвюх краін. Таксама Беларусі трэба будзе яшчэ пачакаць на спрашчэнне візавага рэжыму. Дагэтуль частковага скасавання візавага рэжыму дамаглася толькі Малдова.

У Беларусі, гэтак як у Арменіі і Азербайджану, невялікія спадзяванні на рыжскі саміт. Менск зацікаўлены ў першую чаргу эканамічным супрацоўніцтвам з Еўразвязам, аднак без якіх-небудзь зменаў у замежнай палітыцы і цяперашніх саюзах. Інакш кажучы, Беларусь хоча прымірыць сяброўства ва ўсходнях саюзах з актыўным супрацоўніцтвам з Захадам. Пра гэта заявіў падчас бізнес-форуму намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі. Па яго словах, для Беларусі “выбар паміж Усходам і Захадам, паміж Бруселем і Масквою  – непрыймальны”. Затое Брусель абумоўлівае скасаванне санкцыяў супраць Беларусі дэмакратычнымі зменамі і вызваленнем палітвязняў.

Рыжскі саміт здамінаваны ўкраінскай тэматыкай. Пятро Парашэнка кажа, што ён не расчараваны самітам, але гэта не так. А чым ён мае быць задаволеным? Ці тым, што Расея нарэшце вялікадушна дазволіла на свабодны гандаль Украіны з Еўразвязам? Ці гэтага былі выртыя тыя тысячы загіблых, страта Крыму і разбурэнне Данбасу? Нават цяпер, пасля сапраўднай вайны за права на еўрапейскі выбар Украіны, Брусель глядзіць на Маскву: абы яе не угнявіць, не раздражняць. Апрача асуджэння захопу Крыму няма нічога станоўчага для Кіеву. Ніякай згадкі пра тое, што прынамсі ў далёкай будучыні яна можа спадзявацца на далучэнне да Еўразвязу. Невялікая падзяка за пралітую кроў.

Многія эксперты сцвярджаюць, што рыжскі саміт дэ-факта бясплённы, хаця саму ідэю „Усходняга Партнёрства” яны абараняюць. Аднак і сама формула “шасцёркі” вычарпала сябе, бо ў найлепшым разе можна казаць пра тройку: Грузію, Малдову і Украіну. У любым выпадку трэба шукаць нейкага новага імпульсу для “Усходняга Партнёрства”, бо ў цяпершнім кшталце можна паставіць крыжык на ёй.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ