Украіна: будуць датэрміновыя выбары



Напярэдадні сённяшняй міжнароднай канферэнцыі ў справе Украіны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка распусціў Вярхоўную Раду. Як паведамляе адміністрацыя кіраўніка дзяржавы, гэта адбылося строга ў адпаведнасьці з законам і чаканнямі пераважнай большасці грамадства.

Месяц таму, дакладна 24 ліпеня, адбыўся распад кіруючай кааліцыі. З яе вышлі: “Бацькаўшчына” на чале з Юліяй Цімашэнкай, “Удар” Віталя Клічко і нацыяналістычная партыя “ Свабода” Алега Цягнібока. Парламенцкія фракцыі мелі дакладна месяц часу на фармаванне новай кааліцыі. Яны не прадпрымалі нават такіх спробаў, паколькі і яны, і 80% грамадства – як адзначыў прэзідэнт – хацелі і чакалі датэрміновых выбараў. У адпаведнасці з законам, Парашэнка правёў кансультацыі з лідарамі парламенцкіх фракцыяў і затым абвясціў сваё рашэнне. Новыя выбары адбудуцца праз 2 месяцы- 26 кастрычніка. Па словах Пятра Парашэнкі : «Выбары — найлепшы спосаб люстрацыі. І пачынаць ачышчэнне варта з найвышэйшага заканадаўчага органу. Цяперашні склад Вярхоўнай Рады цягам паўтара году быў апорай Януковіча. І большасць менавіта гэтых дэпутатаў прымала дыктатарскія законы, якія забралі жыцці Нябеснай Сотні. За гэта трэба несці адказнасць — і крымінальную, і палітычную. Многія дэпутаты, што засядаюць або лічацца ў Радзе, калі не прамыя спонсары і саўдзельнікі, дык прыхільнікі баявікоў-сепаратыстаў. Нават на абвяшчэнне мабілізацыі і патрабаванне прызнаць „ДНР“ і „ЛНР“ тэрарыстычнымі арганізацыямі ледзь наскрэблі 232 галасы,» – заявіў Парашэнка.

Аднак роспуск парламенту не азначае, што ён аўтаматычна перастае дзейнічаць. Парашэнка выказаў спадзяванне, што дэпутаты ў цяперашнім складзе зменяць выбарчы закон, каб украінцы маглі абіраць сваіх прадстаўнікоў паводле прапарцыйнай сістэмы. Ён заклікаў таксама дэпутатаў, каб яны абмежавалі выдаткі на выбарчую кампанію. Старая Вярхоўная Рада павінна у верасні ратыфікаваць Дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам. Вярхоўная Рада Украіны ўжо даўно стала нейкай пародыяй парламенту. У ёй засядаюць людзі, якія з’яўляюцца сапраўднай «пятай калонай». Многія дэпутаты, абраныя два гады таму, адкрыта паводзяць сябе так, быццам служаць іншай дзяржаве, як бы яны аплочаныя ёю альбо як мінімум ёй спрыяюць. Некаторыя дэпутаты адкрыта сталі на бок тэрарыстаў. Як немагчыма весці перамовы з тэрарыстамі, гэтак і немагчыма ставіцца ўсур’ёз да дэпутата, яі падпадае пад артыкул аб здрадзе Радзіме. Гэта ў прыватнасці тычыцца прадстаўнікоў Данбасу, якія страцілі ўсялякі аўтарытэт сярод выбарцаў, не бываюць у сваіх акругах. Па словах Парашэнкі, «людзі іх не бачаць, а некаторых і бачыць не хочуць». Толькі тыя, хто будзе абраны праз 2 месяцы атрымаюць мандат даверу і будуць мець маральнае права прадстаўляць свой рэгіён у кантактах з цэнтральнаю ўладаю.

Датэрміновыя парламенцкія выбары ва Украіне абсалютна неабходныя, каб нават Расея спыніла ўсялякія гаворкі пра нелегітымнасць цяперашняй Вярхоўнай Рады. Збунтаваныя і падбухторваныя да выхаду са складу Украіны рэгіёны часткова могуць выбары байкатаваць, але гэта іх выбар. З прычыны няўдзелу ў выбарах 5% тэрыторыі і нават 10% грамадзян выбары і так будуць легітымнымі. Эксперты мяркуюць, што траціну мандатаў можа набраць рэанімаваная прэзідэнтам яго левацэнтрысцкая партыя «Салідарнасьць». Хутчэй за усё зменшыцца падтрымка для нацыяналістычнай «Свабоды» і такіх арганізацыяў, як « Правы сектар» з прычыны якіх у Маскве ўкраінцаў абзываюць «фашыстамі» і « бандэраўцамі». Выбары маюць шанец паказаць, што пара адмаўляцца ад гэтай рыторыкі, якая поўнасцю надуманая. За вынік выбараў можна не хвалявацца. Хутчэй за тое, каб Украіне адносна спакойна далі правесці гэтыя выбары.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ