Ватыкану што Пуцін што Распуцін



Сёння з візітам у Рым прыбыў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Паводле італьянскіх медыяў, у адрозненне ад астатніх сяброў “вялікай сямёркі”, якая не запрасіла расейскага кіраўніка на саміт, у Італіі, таксама як і ў Ватыкане, ён аніяк не ізаляваны, але чаканы госць.

Найперш у суправаджэнні прэм’ера Італіі Матэа Рэнцы Пуцін наведае сусветную выставу Экспа ў Мілане дзе праходзіць “Дзень Расеі” . З прэм’ерам Італіі Пуцін сустракаўся зусім нядаўна, 5 сакавіка, у Маскве. Затым Пуцін сустрэнецца з новым прэзідэнтам Італіі Сэрджам Матарэльлім і па палудні з Папам Францішкам. Апошні раз з пантыфікам расейскі кіраўнік сустрэўся ў лістпадазе 2013 году, яшчэ да пачатку канфлікту ва Украіне. Паводле італьянскай прэсы, візіт Пуціна, як і дастаткова частыя кантакты на лініі Масква-Рым, чарговы раз пацвярджаюць, што Італія супраць строгіх санкцыяў у дачыненні да Расеі. Урад Матэа Рэнцы лічыць, шо з Расеяй трэба весці дыялог, і такую пазіцыю ён выказаў падчас саміту “вялікай сямёркі” ў Эльмаў. “Пуцін прыбывае ў Італію, каб выйсці з акружэння і паказаць, што ён аніяк не ізаляваны, калі яго прымае сам Папа,” – напісала у сваім каментары газета „La Republica”.

Сустрэча Пуціна з Папам Францішкам напэўна будзе прыязная. Яны абмяркуюць дэлікатнае пытанне Украіны, грамадзянскую вайны ў Сірыі і пераслед хрысьціян. Якраз у пытанні Сірыі і хрысціян Масква і Ватыкан амаль поўнасцю згодныя. У пытаннях ісламскага тэрарызму для Ватыкану Расея “важны саюзнік”, – лічыць публіцыст Масіма Франка. Паводле Мітрапаліта Іларыёна з РПЦ, Ватыкан займае “ўраўнаважаную і незалежную” пазіцыю таксама ў справе Украіны. У адрозненне ад ЗША і еўрапейскіх лідараў, Папа, як кіраўнік дзяржавы, ніколі войстра не асудзіў Расею за яе дзеянні ва Украіне. На гэтым, у прыватнасці, моцна настойваў і спрабаваў Папу перакананць Галава Грэка-каталіцкай Царквы ва Украіне Архіепіскап Светаслаў Шэўчук.  Таксама амерыканская дыпламатыя настойліва раіць Ватыкану не давяраць Пуціну і перасцерагае перад расейскай прапаганадай. Паводле ЗША, Пуцін хоча скарыстаць аўтарытэт Ватыкану для паляпшэння свайго іміджу ў свеце. Праўда, у лютым, падчас агульнай аўдыенцыі, Папа назваў “ганебнай” вайну паміж хрысціянамі ва Украіне, але гэтыя словы былі ўспрынятыя не як асуджэнне якога-небудзь баку канфлікту. Як нагадаў у траўні ў Лондане папскі нунцый Арцыбіскуп Антоніё Мэніні, Папа Францішак ніколі не назваў Пуціна агрэсарам і такая пазіцыя дамінуе ў Ватыкане. Францішак прытрымліваецца “ўзважанай і аўтанамічнай пазіцыі”, лічаць ватыканісты. Яго асноўная мэта – не дапусці новай халоднай вайны паміж Захадам і Расеяй, а таксама паглыблення падзелу паміж Праваслаўем і Каталіцтвам. Паводле каментатара італьянскай газеты „Corriere della Sera”, у Ватыкане станоўча ацанілі суботняе інтэрв’ю Пуціна, у якім ён запэўніў, што Расея не праводзіць ніякай агрэсіўнай палітыкі.

Нявыключана, што наступствам візіту Пуціна ў Рым стане візіт Папы Францішка ў Расею. 20 чэрвеня ў Ватыкан прыбудзе кіраўнік аддзелу знешніх царкоўных сувязяў РПЦ, правая рука Патрыярха Кірыла Мітрапаліт Іларыён. Ён сустрэнецца з дзяржсакратаром Ватыкану кардыналам Паралінам, а магчыма і з самым Папам. Ці будзе гаворка пра візіт Францішка ў Расеі, куды не змаглі патрапіць яго папярэднікі, – не вядома.

Перабольшваць значэнне візіту Пуціна ў Італію і Ватыкан не варта. Калі некаму вельмі хочацца гэта палічыць прарывам міжнароднай ізаляцыі Пуціна, няхай гэтак лічыць. Італія здаўна праводзіць прыязную палітыку ў дачыненні да Пуціна, што аніяк не паддаецца разумнаму вытлумачэнню. А што тычыцца Ватыкану, ды хто б не займаў Апостальскі Пасад, усе Папы гатовы размаўляць не толькі з найбольш крыважэрнымі дыктатарамі, але і з самым чортам, калі гэта мае дапамагчы каталікам, якія ёсць амаль у кожнай краіне свету. Каталіцкі касцёл заўсёды падкрэслівае, што дыктатары і тыраны прыходзяць і зыходзяць, а Касцёл трывае і павінен пратрываць пры любых абставінах. Вось і ўвесь сакрэт цёплага прыёму Пуціна ў Ватыкане.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ