Змаганне за беларускасць ЕГУ



Шэраг беларускіх грамадскіх актывістаў і дзеячоў культуры заклікалі вярнуць Беларускаму Гуманітарнаму Універсітэту яго першапачатковы беларускі характар. Яны прапануюць абраць новым рэкатарам ЕГУ каго-небудзь з вядомых і аўтарытэтных беларусаў, для прыкладу Аляксандра Мілінкевіча.

Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт пачаў працаваць у Менску у 1992-м годзе. Два гады пазней беларускія ўлады закрылі яго. Афіцыйнай падставай было яго стутнае адрозненне ад іншых ВНУ, а насамрэч мелася на ўвазе тое, што Універсітэт праводзіў сваю праграмную палітыку, якая не супадала з палітыкай уладаў. Год пазней Універсітэт аднавіў сваю працу ў Вільні, захоўваючы за сабою статус беларускага ВНУ ў выгнанні. Ва Універсітэце, завочна, дыстанцыйна і на стацыянары, навучаецца каля паўтары тысячы студэнтаў. Навучанне і інтэрнаты для студэнтаў бясплатныя, аднак няма стыпендыяў, а працаваць студэнты не маюць магчымасці. На цяперашні момант ЕГУ атрымлівае фінансавую падтрымку фонду МакАртураў і Карнэгі, Інстытуту адкрытага грамадства (Фонд Сорасу), а таксама ад Еўрапейскай камісіі, Дзярждэпартамэнту ЗША і некалькіх еўрапейскіх урадаў”. Навучанне вядзецца на беларускай, літоўскай, ангельскай, расейскай і іншых мовах.  Выкладаюцца такія прадметы як: беларусістыка, гісторыя Беларусі, міжнароднае права, сацыяльная і палітычная філасофія, медыя і камунікацыя ды іншыя прадметы. Заняткі адбываюцца ў памяшканнях віленскага ўніверсітэту імя Мікалая Ромэра.

Цягам апошніх гадоў ва Універсітэце вяліся спрэчкі наконт яго характару і праграмнай лініі. Асноўная спрэчка тычылася пытання: ці трэба Універсітэт арыентаваць найперш на патрэбы Беларусі, ці перарабіць яго ў рэгіянальную ВНУ, адкрытую не толькі для беларусаў, але і для студэнтаў з Расеі, Украіны ды іншых краін? Летась ва Універсітэце узнік канфлікт паміж адміністрацыяй і Сенатам, звязаны з рэформай прафесарска-выкладчыцкага складу. Нязгодная з рэформай група выкладчыкаў заснавала групу “За новы ЕГУ”, аднак разам з пачаткам сёлетняга навучальнага году большасці з іх не падоўжылі працоўныя кантракты.

У пачатку 2015 году адбудуцца выбары пераемніка рэктара ЕГУ Анатоля Міхайлава. У сувязі з гэтым вядомыя беларусы выступілі са зваротам, каб рэктарам абраць грамадзяніна Беларусі. Пад зваротам падпісаліся больш як 30 асобаў: Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Алесь Бяляцкі, Станіслаў Шушкевіч, а. Аляксандр Надсан, Анатоль Грыцкевіч, Радзім Гарэцкі, Уладзімір Колас, Івонка Сурвіла, Вінцук Вячорка, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч ды іншыя. У звароце гаворыцца: «ЕГУ – установа, з якой беларускае грамадства заўсёды звязвала свае надзеі на падрыхтоўку нацыянальнай эліты. Заклікаем захаваць «беларускае сэрца» ЕГУ. Заклікаем абраць рэктарам ЕГУ грамадзяніна Беларусі». На пасаду рэктара ўжо прэтэндуюць палітык Аляксандр Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч і філёзаф Таццяна Шчытцова.

Пад гэтым зваротам гатовы падпісацца бадай кожны нацыянальна сведамы беларус. У ЕГУ не толькі рэктарам павінен быць беларус, але сам Універсітэт павінен вярнуцца на сваё першае месца ў Менск і вярнуцца да сваіх каранёў. Аднак у цяперашніх умовах гэта проста немагчыма. Я таксама няўпэўнены, наколькі магчымае абранне рэктарам беларуса пры цяперашняй праграманай палітыцы Універсітэту. Калі ў ім асноўнай мовай выкладання з’яўляецца расейская, дык якая карысць ад такой ВНУ?  Там ужо цягам многіх гадоў і выкладчыкі, і студэнты не беларускія патрыёты, але хутчэй людзі антыбеларускай накіраванасці. У ЕГУ былі інцыдэнты, калі частка студэнтаў зрывала заняткі тых выкладчыкаў, якія пачыналі выкладаць па-беларуску. Такога да гэтай пары не было нават у дзяржаўных ВНУ лукашэнкаўскай Беларусі. Калі б новы рэктар-беларус мог ператварыць ЕГУ ў такую ўстанову, якой яна была задуманная, тады варта спрыяць кандыдатуры Мілінкевіча ці Краўцэвіча, але калі яны будуць выканаўцамі волі донараў, дык няма за што змагацца.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ