Адрываючыся ад традыцыі



Незалежнай Украіне – 28 гадоў, пяць з якіх яна перажывае пакутліва, са стратамі. Але больш чым за месяц да даты святкавання Дня Незалежнасці Украіны Прэзідэнт Зяленскі адмяніў правядзенне ваеннага парада, замяніўшы яго альтэрнатыўным Маршам годнасці. Рашэнне было ўспрынята украінцамі неадназначна, за што Прэзідэнт быў «ганараваны» крытыкай не толькі ад вайскоўцаў, але, у першую чаргу, ад звычайных грамадзян, таму што пасля 2014 года парад у цэнтры Кіева стаў адным з сімвалаў украінскай дзяржаўнасці. Марш будзе адрознівацца новым фарматам: замест традыцыйнага ваеннага парада, дзе дэманструецца баявая тэхніка і авіяцыя, – поўная адмова ад паказу ўзбраенняў і з мінімальнай колькасцю вайскоўцаў. Такую ініцыятыву Прэзідэнт Украіны патлумачыў тым, што сродкі, якія звычайна вылучаюцца з дзяржаўнага бюджэту на правядзенне ваенных парадаў, лепш аддаць на прэміі вайскоўцам. Але вайскоўцы, ветэраны, члены сем’яў загінуўшых воінаў і валанцёры ўсё ж такі вырашылі правесці сваімі сіламі Марш абаронцаў Украіны і прайсці па галоўнай вуліцы Кіева.

Дарэчы, сярод ветэранаў і вайскоўцаў вельмі шмат этнічных беларусаў, якія ёсць грамадзянамі Украіны. Адным з першых за незалежнасць ў 2014 годзе загінуў беларус Міхаіл Жызнеўскі. І побач з украінскімі сіне-жоўтымі сцягамі віднеюцца беларускія бел-чырвона-белыя.

Мой бацька – беларускі грамадзянін, які пастаянна жыў ва Украіне і які ў 2014 годзе, у самым пачатку знешняй агрэсіі, стаў на абарону Украіны – Уладзіслаў Ахроменка, атрымаў ад украінскай дзяржавы медаль “За гонар і годнасць”. Думаю, далёка не кожны этнічны ўкраінец быў адзначаны такой узнагародай. Мне ёсць кім ганарыцца.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ