Бабін Яр. Не забыць



29-30 верасня – 78-я гадавіна аднаго з самых жудасных сімвалаў Халакоста – масавага расстрэлу мірнага насельніцтва ва ўрочышчы Бабінага Яру ў Кіеве, здзейсненага нацыстамі. Бабін Яр стаў брацкай магілай звыш 50 тыс. мужчын, жанчын і дзяцей: забіта было амаль усё яўрэйскае насельніцтва горада. У першыя два дні расстрэлаў было забіта амаль 34 тыс. людзей. У наступныя дні былі расстраляныя тыя, хто не з’явіўся на загад.

Аргументам для правядзення гэтай акцыі была адкрытая хлусня аб удзеле яўрэяў у мініраванні і выбухах на Крэшчаціку, з прычыны чаго загінула шмат салдатаў і афіцэраў Вермахта. У савецкі час пра гэтую падзею свядома замоўчвалі. І толькі ў 1966 годзе «табу» адважыліся парушыць пісьменнікі Віктар Някрасаў, Анатоль Кузняцоў і дысідэнт Іван Дзюба. Апошні выступіў з прамовай перад удзельнікамі жалобнай цырымоніі і назваў Бабін Яр «агульнай трагедыяй яўрэйскага і ўкраінскага народаў». Але першы расстрэл у Бабіным Яры адбыўся 27 верасня 1941 года. Тады былі забітыя каля 800 пацыентаў псіхіятрычнай бальніцы, якая была размешчана непасрэдна каля Яра. У гэтыя дні на сценах дамоў і платах з’явіліся аб’явы з тэкстам на ўкраінскай, расейскай і нямецкай мовах пра тое, што ўсе яўрэі Кіева павінны з’явіцца 29 верасня на кут вуліц Мельнікава-Дзегцяроўскай з дакументамі, грашыма і каштоўнымі рэчамі. У аб’явах змяшчалася прамая пагроза: хто гэтага не выканае – будзе расстраляны. Дагэтуль дакладная колькасць ахвяр застаецца невядомым, таму што сярод іх у Бабіным Яры таксама былі расстраляныя ўкраінскія нацыяналісты, ромы і савецкія ваеннапалонныя. Але ў 1946 годзе на Нюрнбергскім працэсе быў агучаны лік: каля 100 тысяч загінуўшых. Для Усходняй Еўропы была характэрная тактыка масавых расстрэлаў, у адрозненне ад захаду і цэнтра Еўропы, дзе яўрэяў знішчалі ў канцлагерах і гета.

Страшны ўрок Бабінага Яра – гэта папярэджанне для чалавецтва: ніколі не дапускаць якіх-небудзь праяў варожасці па расавай або нацыянальнай прыкмеце.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ