Дар ці пакаранне?



Ці шмат хто чуў пра такую з’яву, як абсалютны слых? Людзі, якія не звязаны з музыкай, але маюць музычны слых, лічаць сябе ўладальнікамі так званага абсалютнага, пры гэтым да канца не разумеючы прыроды гэтай з’явы. Магчымасць чуць музыку, прайграваць яе голасам і мець пачуццё рытму не мяркуецца як наяўнасць дасканалага музычнага слыху.

Носьбітам гэтай здольнасці можа быць чалавек, які не тое што не звязаны з прафесійнай музычнай дзейнасцю, а нават не мае ўяўлення аб музычнай грамаце – можна пражыць усё жыццё і не даведацца пра гэтую перавагу над астатнімі людзьмі. Ён проста па-іншаму чуе. Але, маючы мінімальныя музычныя навыкі, уладальнік гэтай здольнасці цягам ўсяго жыцця будзе сябе вывучаць. Атрымліваецца так, што чалавек у адной асобе і даследчык, і паддоследны трусік.

Часам гэта перашкаджае жыць: ідучы па вуліцы, ты чуеш, вышынёй якога гуку сігналіць аўтамабіль. Ці ж, што яшчэ горш: спакойна п’еш раніцай каву і чуеш, якой нотай гудзе мамін фен: мала таго, што ты, як звычайна, ужо вызначыў вышыню гуку, які выдае гэты чортаў прыбор, так ты ўжо і ў думках пабудаваў ад гэтага гуку нейкі інтэрвал, а то і цэлы акорд! Напяваеш сабе яго пад нос, міжвольна падымаеш бровы, выстукваеш лыжкай па кубку рытм, а маці глядзіць на мяне, як на вар’ятку, таму што яна мае сярэднестатыстычны музычны слых, і ёй не зразумець, якая рэвалюцыя адбываецца ў маёй галаве ў гэты момант.

Вельмі часта мне хочацца пазбавіцца ад такой асаблівасці, але я разумею, што ГЭТА жыве ў маёй галаве акрамя маёй волі, а я ў гэтай сітуацыі ў ролі пешкі, якая ні на што не можа паўплываць, бо акрамя музыкі ў гэтым жыцці прысутнічаюць мільёны гукаў. Я з імі то змагаюся, то хачу ўпарадкаваць, то атрымліваю асалоду, то раздражняюся, а часам мне здаецца, што я проста магу сысці з розуму.

Але не ўсё так кепска, як я апісала вышэй, бо абсалютны слых дорыць мноства радасцяў: магчымасць напісаць музыку без дапамогі інструмента, вызначыць танальнасць любога твору (што немалаважна для музыканта) і як з дзіцячага канструктара выбудаваць у сябе ў галаве складаную фігуру. 

Жадаю псіхічнага здароўя ўсім абсалютнікам, бо галоўнае – заўсёды заставацца па гэты бок рэальнасці.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ