Доўгачаканыя змены



Ва Украіне зацверджана новая рэдакцыя правапісу, якая заменіць рэдакцыю 1992 года. Мэта – забеспячэнне канстытуцыйных палажэнняў аб дзяржаўным статусе ўкраінскай мовы. Як вядома, Закон Украіны «Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай» быў прыняты Вярхоўнай Радай 25 красавіка 2019 года.

Новая рэдакцыя распрацавана Украінскай нацыянальнай камісіяй па пытаннях правапісу. Гэта значыць, што камісія вярнула да жыцця шэраг асаблівасцяў так званага «харкаўскага» правапісу, які быў прыняты ў 1928 г. Пераважна гэта тычыцца слоў замежнага паходжання: прыстаўкі экс-, анты-, контр- цяпер пішуцца без злучка, як адзінае слова; у словах грэцкага паходжання – кафедра-катэдра, міф-міт, ефір-етер.

Што цікава, гэтыя змены выклікалі выбух эмоцый у маіх аднагодкаў: ад здзіўлення да абурэння. На жаль, мала хто ўсведамляе, што цягам многіх дзесяцігоддзяў класічная ўкраінская мова была схільна максімальнаму набліжэнню да «брацкай рускай мовы». Паходжанне ўкраінскага абвяшчалася другасным ад рускага. Радуга – «райдуга» (замест «веселка»), по вторникам – «по вівторках» (замест «щовівторка»), пошлина -«пошлина» (замест «мито»), принимать участие – «приймати участь» (замест «брати участь») і многае іншае.

 Я лічу, што ёсць свая, выключна ўкраінская, правапісная традыцыя. І хай на пачатковым этапе хтосьці будзе адчуваць пэўныя нязручнасці ад такой «навізны». Але каму, як не нам, маладым, вяртаць, укараняць і ўмацоўваць тое, што па праву і так наша?

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ