Дзе знайсці чорную котку?



Дзе знайсці чорную котку? Мяне здзіўляюць і смешаць людзі, якія свята вераць у прыкметы. І, што характэрна, гэтая вера не мае абмежавання ні па ўзросце, ні па сацыяльным статусе. Але часцяком народныя прыкметы падзяляюць па тэмах: што можа адбыцца пры пэўным збегу абставінаў на працягу цяжарнасці, у момант заключэння шлюбу, у час пахавання, падарожжаў, пры зборы ўраджаю і гэтак далей. Як правіла, забабоны цесна пераплецены з астралогіяй.

Некаторыя прыкметы падчас цяжарнасці відавочна абсурдныя: цяжарная жанчына не павінна пераступаць праз плады, «народжаныя» у зямлі (моркву, бульба), таму што туды хаваюць нябожчыкаў, а значыць, што зямля можа забраць і немаўля. Нельга сядзець са скрыжаванымі нагамі, таму што дзіця можа нарадзіцца крываногім або нават калекай. Нельга займацца рукадзеллем, інакш дзіця можа заблытацца ў пупавіне.

Перад падарожжам нельга мыць падлогі, каб чалавек, які адпраўляецца ў дарогу, змог шчасна вярнуцца дадому. А падчас пахавання, наадварот, неабходна старанна вымыць падлогу ў хаце, каб выгнаць бяду за парог. На вяселлі павінна прысутнічаць толькі няцотная колькасць гасцей. Нявесце ў туфлік кладуць манетку, каб жыццё было багатым. Нельга прымаць у падарунак кашалёк, інакш той, хто яго дорыць, выракае на жабрацтва. Люстэрка ў падарунак – дарога ў свет іншы.

Часам і я сама, несвядома, раблюся ахвярай забабонаў. Праўда, бытавых, бяскрыўдных: ніколі не пакладу шапку на стол, імгненна прыбяру соль, якая высыпалася, апранаюся з правага рукава. Потым у думках пасмяхаюся і іду шукаць па вуліцы чорную котку, даўшы ёй магчымасць перабегчы мне дарогу. Затое якім пераможцам я сябе адчуваю, калі гэты дзень складваецца ўдала! І яшчэ мяне заўсёды мучыць пытанне, ды неяк сорамна спытаць: цікава, падчас споведзі святар пытаецца ў таго, хто спавядаецца, хто ён па гараскопе?

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ