Гадавіна Еўрамайдану



Ужо шосты год 21 лістапада Украіна адзначае Дзень Годнасці і Свабоды. Менавіта ў гэтыя дні ў 2005 годзе пачалася Памаранчавая Рэвалюцыя і ў 2013 годзе – Рэвалюцыя Годнасці. Гэтая дата хутчэй прымеркавана да гадавіны Еўрамайдана, калі ў цэнтры Кіева пачаліся масавыя акцыі пратэсту. Аргументам стала аб’ява рэжымам Януковіча аб згортванні курсу на еўраінтэграцыю і прыпыненне працы над пагадненнем аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўразвязам.

Дзень Годнасці і Свабоды адрадзіў яшчэ адно свята: Дзень Свабоды, які адзначаўся з 2005 года ў гадавіну пачатку Памаранчавай Рэвалюцыі і які быў адменены ў 2011 годзе Указам Прэзідэнта Януковіча. Падзеі лістапада 2013 года развіваліся вельмі імкліва – ад мірнага пратэсту і намётавага мястэчка да зьбіцця студэнтаў «Беркутам” (спецыяльнае падраздзяленне міліцыі), барыкад з палаючых аўтамабільных шын, «кактэйляў Молатава» і адкрытай стральбы па ўдзельніках пратэсту.

Спачатку ў падтрымку мітынгоўцаў выйшла каля тысячы кіяўлян, а праз некалькі дзён Майдан Незалежнасці ператварыўся ў жывое мора пратэстуючых супраць злачыннага рэжыму – сотні тысяч грамадзян Украіны сталі творцамі найноўшай гісторыі сваёй дзяржавы. Хваля пратэстаў ахапіла амаль усе рэгіёны Украіны.  Некалькі разоў спецпадраздзяленні спрабавалі браць Еўрамайдан штурмам, але ад гэтага ён станавіўся больш маштабным. А ў лютым 2014 года пачаўся трагічны этап Рэвалюцыі Годнасці – на працягу трох дзён доўжыліся масавыя расстрэлы грамадзян. 106 загінулых у цэнтры Кіева, якіх ва Ўкраіне называюць Героямі Нябеснай Сотні, і некалькі тысяч пацярпелых.

Свабода і Годнасць – гэта два кіты для ўкраінцаў, на якіх грунтуецца права жыць у незалежнай дзяржаве. Толькі пакуль, на жаль, галоўныя вінаватыя ў расстрэле уласных грамадзян не панеслі пакаранне.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ