Каранцін ці камерцыя?



У сувязі з каранавірусам ва Украіне з 12 сакавіка ва ўсіх навучальных установах, уключаючы універсітэты, вучэльні, каледжы, школы і садкі, уведзены карантын. Яго ўвёў новы ўкраінскі ўрад. Калі для студэнтаў і школьнікаў дадатковыя канікулы – гэта своеасаблівы прыемны сюрпрыз, то для бацькоў малых гэта вялізная праблема. Не кожны працадаўца гатовы адпусціць свайго падлеглага ў вымушаны адпачынак.

Адмененыя ўсе масавыя захады. Запланаваныя футбольныя матчы і іншыя спаборніцтвы ў гэты перыяд праходзяць без гледачоў. Некаторыя рэгіёны Украіны спрабавалі праігнараваць гэтыя меры. Напрыклад, мэрыя Харкава адмовілася зачыняць на тры тыдні школы і дзіцячыя сады, з прычыны чаго пракуратура адкрыла крымінальную справу.

Нацыянальны банк заклікае грамадзян па магчымасці адмовіцца ад выкарыстання гатоўкі і паабяцаў банкноты падвяргаць тэрмічнай апрацоўцы. На жаль, падобныя прэвентыўныя меры граюць на руку розным камерцыйным структурам, звязаных з гандлем прадуктамі харчавання. У сувязі з павышаным ажыятажам ў супермаркетах цэны на некаторыя віды тавараў за адзін дзень павысіліся амаль у два разы. Гэта кранула такіх прадуктаў як цукар, соль, крупы, алей. Калі людзей, якія масава купляюць гэтыя тавары ў вялікіх колькасцях, можна зразумець, то тыя, хто хоча на гэтай тэме вокамгненна павялічыць свой прыбытак, выклікаюць, па меншай меры, выключна пагарду. За адзін дзень з аптэк зніклі антысептычныя сродкі, гарачкапаніжальныя прэпараты і медыцынскія маскі.

Цалкам магчыма, што паніка ў супермаркетах звязаная не толькі з тым, што знікнуць з продажу прадукты, але і з тым, што ў бліжэйшыя дні цэны рэзка папаўзуць уверх.

Адметна тое, што набажэнствы ва ўкраінскіх храмах не будуць адменены. Адзінае, да чаго заклікаюць святары – гэта ўстрымацца ад прыкладання да абразоў.

Хоць каранцін ва Украіне і прадугледжвае забарону збірацца больш за 200 асоб, рэальна вызначыць колькасць людзей, якія знаходзяцца ў вялікіх супермаркетах і рынках, практычна немагчыма. Варта спадзявацца толькі на асабістую адказнасць кожнага з нас.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ