Хто не скача, той…



Не паспела Праваслаўная Царква Украіны атрымаць доўгачаканы Томас, як прыхільнікі УПЦ Маскоўскага Патрыярхата актывізавалі сваю антыўкраінскую дзейнасць. Чарнігаў – цэнтр вобласці ва Украіне, які мяжуе, акрамя Беларусі, яшчэ і з Расейскай Федэрацыяй. І, адпаведна, фанатаў «рускага свету» тут даволі вялікая колькасць.  Пры адным з храмаў УПЦ Маскоўскага Патрыярхата дзейнічае царкоўна-прыходская школа, усярэдзіне якой існуе мноства гурткоў для дзяцей. Самым наведваемым лічыцца «Секцыя праваслаўных скаўтаў». Чаму ж вучаць украінскіх падлеткаў кіраўнікі дадзенай секцыі зімой 2019 года – праз пяць гадоў пасля Рэвалюцыі годнасці?

У лесе на ўскраіне Чарнігава трэнеры навучаюць дзяцей, акрамя веры ў Бога, тактыцы вядзення начнога бою. Потым – песні ля вогнішча. І не ўкраінскія патрыятычныя, а песні савецкіх разведчыкаў з ключавымі словамі «Расія-маці, Вялікая Расія …». Кіруе скаўцкім рухам Чарнігаўскай вобласці жанчына-педагог. І дзяцей у яе секцыю бацькі прыводзяць добраахвотна. Раней чарнігаўскія скаўты мелі зносіны з кіеўскімі, але потым дружба спынілася.. аказваецца, кіяўлян трэніравалі літоўскія інструктары. „У выніку, – як кажа чарнігаўская кіраўніца, – усе яны потым скакалі на Майдане”.

Вядома, складу злачынства ў дзейнасці секцыі чарнігаўскіх скаўтаў няма, але ўзнікае пытанне: жывучы ў незалежнай дзяржаве, якую краіну яны будуць называць «Айчынай»: Украіну ці тую, чыя назва ёсць ключавым словам з песні пра савецкіх выведнікаў?

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ