Коткі-мышкі



Набліжаецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Абстаноўка сярод грамадзян напружаная да мяжы. Ды і самі кандыдаты ледзь-ледзь знаходзяцца ў рамках прыстойнасці. Штодзённы фарс, які дэманструецца на нацыянальных тэлеканалах, прыкоўвае ўвагу нават тых, хто ніколі не глядзіць тэлевізар, а чытае навіны выключна ў Інтэрнэце.

Гэтая гульня называецца «коткі-мышкі». Пры гэтым кожны з гульцоў паспяхова спраўляецца з абедзвюма ролямі. Патрабаванні аднаго кандыдата здаць аналізы на алкаголь і наркотыкі выклікалі пратэст у іншага. Запыты аднаго кандыдата правесці палітычныя дэбаты на стадыёне Нацыянальнага спартыўнага комплексу «Алімпійскі» – зноў бура эмоцый у іншага кандыдата. Аказваецца, прасцей простага ў гэтай барацьбе праігнараваць патрабаванне закона правесці тэледэбаты ў студыі Грамадскага тэлебачання. Хоць гэта замацавана ў пастанове Цэнтральнай выбарчай камісіі ад 5 траўня 2014 года. Дарэчы, сродкі на правядзенне дэбатаў за кошт дзяржаўнага бюджэту былі закладзеныя яшчэ ў 2018 годзе. Але… Стадыён, дык стадыён! Кожнае новае патрабаванне нараджае новы відэаролік. Можа быць, нейкі дзёрзкі рэжысёр калі-небудзь здыме фільм на аснове гэтых кароткаметражак. У крамах, у грамадскім транспарце, на рынках – адна адзіная тэма: хто-каго?! Вырашаецца лёс дзяржавы. А якая пісьмовая вайна разгарнулася ў Фэйсбуку. А колькі сяброў пасварылася! Затое палітычныя ток-шоў зараз маюць найвышэйшы рэйтынг за ўсю гісторыю незалежнай Украіны.

Навошта хадзіць у кінатэатр, здзяйсняць прагулкі па вясновым горадзе, заказваць вячэру на дваіх у рэстаране, калі можна прыемна павячэраць дома перад экранам тэлевізара пад дзікі лямант прыхільнікаў таго ці іншага кандыдата? Але, як пісаў рускі паэт Лермантаў: усё гэта было б смешна, калі б не было так сумна.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ