Лета і не толькі…



Лета – час магчымасцяў. Асабліва для маіх аднагодкаў: у кагосьці на носе паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову, хтосьці ўжо абараніў дыплом і можа дазволіць сабе расслабіцца; хтосьці, наадварот, выкарыстоўвае лета як магчымасць зарабіць грошаў і тым самым пазбавіцца ад звычкі бескарыснага правядзення часу. Але гэтае лета асаблівае – з-за пандэміі яно некаторым змагло цалкам перавярнуць жыццё.

Студэнтам заўсёды было нялёгка знайсці падпрацоўку на адзін-два месяцы, але зараз праблема пагоршылася. Як правіла, у мінулыя гады ім было рэальна ўладкавацца на працу, у першую чаргу, у сферы абслугоўвання, а менавіта афіцыянтамі ў барах і рэстаранах альбо прадаўцамі-кансультантамі ў крамах.

Некаторыя нават некалькі гадоў ездзілі ў Польшчу, як сезонныя рабочыя, напрыклад, збіраць ураджай ягад. У гэтых жа рэаліях ні адзін працадаўца не жадае разглядаць кандыдатуру часовага работніка з-за жорсткага кантролю па захаванні мер бяспекі. Студэнту няма сэнсу афармляць санітарную кніжку, а без яе працадаўца рызыкуе быць аштрафаваным. Ёсць яшчэ магчымасць працы ў Інтэрнэце, але не для ўсіх такая праца ёсць прымальнай.

У кагосьці не хапае навыку, хтосьці баіцца пачаць, а хтосьці наогул пагана «сябруе» з камп’ютарам. Але, на жаль, па гэтых прычынах шматлікія засталіся без планаванага заробку.

Хаця, хто шукае, той, натуральна, знойдзе спосабы зарабіць, бо маладосць – вельмі вынаходлівая.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ