Людзі-зверы і зверы-людзі



Калі б жывёлы былі людзьмі, то іх узаемаадносіны паміж сабой і з навакольным светам нічым бы не адрозніваліся ад чалавечых. Я часта ўяўляю, кім бы мог працаваць сабака, што ідзе мне насустрач, альбо ж той, які вальяжна ступае за сваім гаспадаром. Цікава, чым кіруюцца аўтары дзіцячых казак, героямі якіх з’яўляюцца выключна жывёлы? 

Чаму часта ў казках лісу ці ваўка адлюстроўваюць подлымі героямі, а заяц – апрыёры мілая ахвяра? Які прыстойны воўк можа зжэрці бабулю? Нават у знакамітым мультфільме «Том і Джэры» чамусьці кот у мяне выклікае больш спагады, чым агіднае мышаня, якое пастаянна робіць поскудзі. 

Дык вось, вернемся да тэмы ачалавечання жывёлаў. Бярэм асобна ўзятага звера – ката Амадэя, які беспардонна спіць у маім ложку ўжо 9 гадоў. Мне здаецца, што ўсё сваё жыццё ён вучыцца на хіміка-біялагічным факультэце, так званы «батанік». Вельмі сціплы, вельмі прыстойны, але мае невялікія слабасці – перыядычную патрэбу рабіць ледзь прыкметныя подласьці: лапай адсунуць дзверы шафы-купэ і выкінуць адтуль рэчы. Адгрызці кавалачак пакаёвай кветкі, якую так песціць бабуля.

Міма маіх вокнаў кожную раніцу ў адзін і той жа час мэтанакіравана ідзе сабака. Я думаю, што яго працоўны дзень пачынаецца ў 8 раніцы, і ён баіцца спазніцца на аўтобус. Суседскі сабака лісліва глядзіць у вочы свайму гаспадару, як клерк на кіраўніка банка. А яшчэ сустракаюцца сабакі, якія беспадстаўна завываюць – паэт-бард, які спявае для неіснуючага гледача. Рухаецца, рухаецца перад вачыма і ў маёй галаве чарада фантастычных вобразаў. 

На жаль, як часта людзі пераўтвараюцца ў жывёлаў! І як шкада, што метамарфоза наадварот – немагчымая.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ