«Перавагі вымушанай паўзы»



На галаву зваліўся вольны час. Нечакана і шмат. Гэты факт адначасова і засмучае, і радуе. Прычыны засмучэння: сумная трагічная сітуацыя ў свеце з несуцяшальнай штодзённай статыстыкай; няспраўджаныя планы і іх адтэрміноўка; затрымка навучальнага працэсу з магчымасцю онлайн-заняткаў (з недаказанай эфектыўнасцю!); рэгулярны прагляд стужкі навін, што яшчэ больш прыгнятае.

А зараз аб відавочных плюсах, (як бы цынічна гэта не гучала): ты можаш зрабіць шмат з таго, на што да гэтага катастрафічна не хапала часу. Не трэба казаць пра тое, што можна выспацца, прачытаць плойму кніг, паглядзець мільён фільмаў, зрабіць уборку не толькі ў сваёй кватэры, але і ў думках – гэта само сабой. У дадатак прадстаўляецца магчымасць наведаць онлайн-музеі і онлайн-бібліятэкі.

Насычанае жыццё ў шалёным тэмпе, без абмежаванняў, вельмі стамляе і знясільвае. Кожны з нас марыць аб доўгачаканых выходных. А цяпер, вымушана знаходзячыся ў чатырох сценах, я ўсведамляю ўсю паўнату шчасця – быць занятай «па горла» і нічога не паспяваць.

Але, напэўна, самы галоўны плюс – магчымасць увесь час знаходзіцца са сваімі роднымі, чаго мы пазбаўленыя ў звычайным жыцці і тое, што для нас ёсць неабходным.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ