Шчасце ў дробязях



У кожнага свая мерка шчасця. Бывае, выпадкова трапляе ў рукі кніга малавядомага аўтара, і ты з першых абзацаў разумееш, што пісьменнік думае тваімі думкамі. Ці гэта не шчасце? Ці бачыш ўсмешлівага мінака, які вядзе за руку дзіця. І гэтае ж дзіця, якое трымае ў руках лядзяш на палачцы і якое баіцца зняць з яго цэлафан – маўляў, хай будзе доўжыцца хвіліннае прадчуванне задавальнення! І бабульку, у якой усмешлівы мінак купіў на вуліцы лядзяш (ўдалы пачатак гандлю). І музыканта ў падземным пераходзе, якому ў якасці ганарару паклалі ў футляр для саксафона замест грошаў кнігу малавядомага аўтара, які думае яго думкамі. Але ён яшчэ пра гэта не ведае. Ён даграе папуры, возьме яе ў рукі, і з першых абзацаў ўсё стане ясна. 

Парой шчасцем можа трапіцца адзін- адзіны тэлефонны званок, якога чакаеш і які можа змяніць тваё жыццё. І разумееш, што на бліжэйшыя 50 гадоў ты выканаў задачу-максімум па пошуку шчасця. Або адзін-адзіны погляд лекара, які дае надзею хвораму, які ўжо паспеў напісаць завяшчанне. Або мароз па скуры ад песні ў бліскучым выкананні. Або ўдалае фота, на якім ты (ого!) значна лепш выглядаеш, чым сабе ўяўляў. Ці нават імгненне, зафіксаванае мозгам, як абсалютнае шчасце. 

Спытай у чалавека, што ёсць шчасце ў яго паданні, і даведаешся аб яго мерцы. Але трэба заўсёды памятаць, што ў шчасця ёсць і зваротны бок, які, магчыма, не паддаецца вымярэнню.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ