Свабода слова як маніпуляцыя



З пачатку актыўнай фазы агрэсіі РФ супраць Украіны, яшчэ ў 2014 годзе, Нацыянальны савет па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання забараніў трансляцыю большасці расейскіх каналаў. Пасля гэтага кожны год «чорны спіс» толькі папаўняецца. Таму цалкам натуральна, што ўкраінцы, у якіх няма спадарожнікавай антэны, проста не маюць магчымасці абыходзіць забарону. Хаця многія ўсталявалі такія антэны менавіта з мэтай мець доступ да звыклага набору тэлеканалаў. Хтосьці не можа жыць без «навагодніх агеньчыкаў», камусьці не атрымліваецца заснуць без песні Газманава і Кіркорава, хтосьці настальгуе па Савецкім Саюзе, якога так шмат у расейскім тэлеэфіры, а хтосьці свядома глядзіць канкрэтна выпускі навін, прасякнутыя антыўкраінскай прапагандай. Вось такая аўдыторыя і завецца ва Украіне «ватнікамі».

Калі я бываю ў Беларусі, магу «атрымліваць асалоду» ад прагляду прапагандысцкіх шоў. Шчыра кажучы, першыя два дні хочаш разбіць тэлевізар, потым мімаволі пачынаеш спрачацца ўслых з удзельнікамі праграм, потым наладжваць сябе на тое, што ворага трэба ведаць у твар, інакш кажучы – інфармаваны, значыцца, узброены. 

І смешна, і сумна: вяртаючыся ва Украіну, разумееш, што расейская інфармацыйная агентура ўсё ж такі і тут глыбока пусціла карані.

Але, о цуд, літаральна два тыдні таму Прэзідэнт Зяленскі ўвёў сваім указам у неадкладнае дзеянне рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны пра санкцыі супраць трох прарасейскіх агульнанацыянальных каналаў, фактычным уладальнікам якіх з’яўляецца адзін з лідараў антыўкраінскай палітычнай сілы ў Вярхоўнай Радзе Віктар Медвядчук – кум Уладзіміра Пуціна. У часткі ўкраінскага грамадства дадзенае рашэнне выклікала адабрэнне, у іншых – гнеў: «атака на свабоду слова, беззаконне і хаос …».

Хочацца верыць, што галоўны матыў дзеючай улады – барацьба з расейскай агрэсіяй унутры краіны, а не ліквідацыя інфармацыйных канкурэнтаў.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ