Свята ці катаванне?



Міністэрства культуры Украіны плануе цалкам адмовіцца ад эксплуатацыі жывёл у цырках. Улады шэрагу ўкраінскіх гарадоў ужо забаранілі выкарыстоўваць жывёл у перасоўных цырках. Як правіла, жывёла, каб паказаць вынік дрэсіроўкі, падвяргаецца катаванню. Напрыклад, каб прымусіць мядзведзя танчыць, яго ставяць на распаленую паверхню – ад болю ён пачынае перабіраць лапамі. Для выканання трука ў коле львоў і тыграў рэгулярна збіваюць палкамі і прыдушваюць цяжкімі ланцугамі на шыі.

Кіраўнікі прыватных цыркаў абурыліся рашэннем уладаў некалькіх гарадоў Украіны і падалі іск у суд. Натуральна, з такой забаронай рэзка падаюць грашовыя абароты цыркаў. Цяпер слова за вышэйшымі органамі ўлады Украіны, каб увесці забарону на ўзроўні дзяржаўных цыркаў. Бо ў няволі працягласць жыцця дзікай жывёліны значна менш, чым у натуральных умовах, плюс частыя факты гібелі падчас іх транспарціроўкі. Нават мелі месца выпадкі, калі на фоне фізічных катаванняў у жывёл развіваліся псіхічныя засмучэнні.

Але застаецца адкрытым пытанне пра далейшы лёс цыркавых жывёл: хто будзе фінансаваць іх утрымліванне і дзе яны будуць знаходзіцца, бо далёка не кожную жывёлу можна аддаць у заапарк. Жывёла, якая прывыкла цесна кантактаваць з чалавекам, у заапарку можа проста загінуць. На вопыце іншых краін свету (а іх больш за 50), для былых цыркавых жывёл былі створаны спецыяльныя рэабілітацыйныя цэнтры. Гэта самы цывілізаваны шлях.

Цырк – гэта выдатны свет і пастаяннае свята, але, на жаль, глядач не заўсёды разумее: каго прыносяць у ахвяру дзеля гэтага свята?

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ