Тэорыя юнага позірку



Магчыма, тэма выбараў ва Украіне для многіх ужо як аскома на зубах. І не толькі для ўкраінцаў. Але мне, як прадстаўніку маладога пакалення, хочацца расказаць пра гэтую сітуацыю, так бы мовіць, знутры. Многія мае сябры ўжо валодаюць выбарчым правам. Мне было цікава правесці свой уласны экзіт-пол сярод аднагодкаў. Нягледзячы на тое, што за некалькі дзён да выбараў ва Ўкраіне быў запушчаны флэшмоб «Галасуй не па прыколе», большасць маіх сяброў прагаласавала за Зе. Якая ж прычына? Вось вам інфармацыя з першых вуснаў:

1. Зе – такі ж, як і мы, ня атручаны вялікімі палітычнымі гульнямі. 

2. Выканаўшы ролю Прэзідэнта ў камедыйным серыяле «Слуга народа», ён ужо мае ўяўленне пра тое, якімі якасцямі павінен быць надзелены кіраўнік дзяржавы. 

3. Зе – чалавек з выдатным пачуццём гумару, які зможа выкруціцца ў любой сітуацыі. 

4. Хто заўгодна, толькі не Пётр, ня Юля і гэтак далей…

5. Будучыні кіраўніку дзяржавы не перашкодзяць такія якасці, якія ёсць у Зе. 

6. І ўсё ж такі прагаласую «па прыколе».

Але, на жаль, ніхто з маіх аднагодкаў не падумаў пра тое, што кіраваць дзяржавай, якая знаходзіцца ў стане вайны, НЕ МОЖА чалавек, які не мае хаця б мінімальнай палітычнай кваліфікацыі. Украіна павінна жыць у рэжыме рэальнага часу: гэта не серыял з загадзя напісаным сцэнарыем, ня камедыйнае шоў, хай нават годнае «Оскара».

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ