Усміхніцеся – Вас падманваюць!



Магічнае словазлучэнне «Чорная пятніца»… Папулярнасць гэтага свята расце як на дражджах. Цікавасць шапаголікаў падаграваецца не толькі буйнымі гандлёвымі цэнтрамі, але і невялікімі крамамі, праводзячы розыгрышы і шоу, падаўжаючы акцыі і час працы. Першапачаткова гэты дзень святкаваўся ў бліжэйшую пасля Дня падзякі пятніцу ў ЗША. З яе і пачынаўся традыцыйны калядны сезон распродажаў. Першапачаткова пад гэтым словазлучэннем меўся на ўвазе абвал рынку золата ў другой палове 19 стагоддзя. І толькі праз сто гадоў падзея набыла характар любых продажаў – ад тэхнікі да прадуктаў харчавання. Сам тэрмін, па адной версіі, здабыў назву па прычыне закрыцця магазінаў у цёмны час сутак – крамы не паспявалі абслугоўваць вялікую колькасць пакупнікоў і працягвалі час працы да самай ночы. Па іншай версіі, прыбытак магазінаў быў такім вялікім, што бухгалтарскія кнігі станавіліся чорнымі ад запісаў. Ёсць і яшчэ версія: амерыканскія паліцыянты назвалі гэты дзень «чорным» з-за маштабных аўтамабільных затораў і аварый на дарогах.

На жаль, «Чорная пятніца» для многіх крам – гэта шанец пазбавіцца ад неактуальнага тавару, карыстаючыся ажыятажам і няўважлівасцю пакупнікоў. А часам і рэальная магчымасць прадаць тавар па нерэальнай цане – бо яе ў гэтыя дні можна зрабіць вышэй, паставіўшы побач новую, нібыта са зніжкай. І гэтым самым выйсці на звычайную сярэднюю цану. Хоць бываюць і добрасумленныя прадаўцы, якія сапраўды зніжаюць кошт на свой тавар. Але, у любым выпадку, нельга ў «Чорную пятніцу» губляць пільнасць, каб не быць падманутым.

Ліза Ахроменка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ