18 капеек і беларускі эканамічны цуд



У Мазыры разыгралася сапраўдная драма, вартая пяра пісьменнікаў-рэалістаў ХІХ стагоддзя. Калі б Эміль Заля жыў у сучаснай Беларусі, то ён абавязкова звярнуў увагу на феномен галечы ў нашай квітнеючай і стабільнай краіне. У жыхаркі сталіцы ўсходняга Палесся за запазычанасць памерам 18 капеек канфіскавалі набыты ў крэдыт пыласос і апісалі маёмасць.

Гісторыя развівалася так. 4 гады таму жанчына ўбачыла па дзяржаўнай тэлевізіі рэкламу аднаго з сеткавых гіпермаркетаў тэхнікі. Людзям абяцалі грандыёзныя зніжкі і беспрацэнтную растэрміноўку на 6 месяцаў. Кабета вырашыла набыць пыласос. Што цікава, у сюжэце мазырскага тэлеканала і журналіст, і сама гераіня матэрыяла некалькі разоў называюць банальны пыласос „дарагой пакупкай”. Усе паўгода жанчына спраўна плаціла за растэрміноўку, а потым цягам года карысталася „дарагой пакупкай” ва ўсю. Пасля, аднак, выявілася, што жанчына недаплаціла за „дарагую пакупку” ажно 18 капеек! За год, праўда, 18 капеек пераўтварыліся ў 100 рублёў, а потым увогуле ў 250. Пазней самы гуманны суд у свеце прадказальна прыняў бок банка, які даваў крэдыт. І фінал драмы: судовыя выканаўцы забралі ў жанчыны „дарагую пакупку” (пыласос), а яшчэ прыхапілі ноўтбук у якасці кампенсацыі.

Сюжэт пра мазырскі пыласос – гэта гісторыя зусім не пра чалавечую няўважлівасць і не пра драпежнасць банкаў. Калі даведваешся пра падобныя сітуацыі, хочацца паглядзець у вочы аўтараў беларускага эканамічнага цуда, дзякуючы якім звычайны пыласос – гэта „дарагая пакупка” для беларуса.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ