“Абаронца Еўропы 2020” ля беларускай мяжы



У межах аперацыі NATO “Атлантычная рашучасць” на вайсковую базу ў літоўскім гарадку Падбродзе, які знаходзіцца ў 15 км ад беларускай мяжы, неўзабаве прыбудуць больш за паўтысячы амерыканскіх вайскоўцаў, 30 танкаў, 25 бронемашынаў і каля 70 колавых транспартных сродкаў. Афіцыйныя прадстаўнікі NATO і Мінабароны Літвы заяўляюць, што амерыканскія вайскоўцы прымуць удзел у маштабных вучэннях, якія пройдуць у пачатку 2020 года на прыпамежных з Беларуссю тэрыторыях. Паводле легенды будучага вучэння “Абаронца Еўропы 2020”, каля 40 тысячаў салдатаў NATO адпрацуюць пытанні ўзаемадзеяння, лагістыкі і эфектыўнага супрацьстаяння імавернаму агрэсару, які захоча скарыстацца слабым месцам ўсёй еўрапейскай абароны – Сувалкаўскім калідорам. Гэтае месца даўжынёй у некалькі дзясяткаў кіламетраў (ад мяжы з Беларуссю да Калінінградскай вобласці РФ) з’яўляецца своеасаблівай мяжой Польшчы і Літвы. Як мяркуюць заходнія аналітыкі, гіпатэтычны прарыў расейскіх вайсковых злучэнняў з Калінінградскай вобласці можа адрэзаць тры прыбалтыйскія рэспублікі ад іх саюзнікаў па блоку NATO. Адпаведна, характар вайсковых вучэнняў дэманструе намер Паўночнаатлантычнага альянсу давесці гатоўнасць абараняць сваіх еўрапейскіх саюзнікаў у выпадку патрэбы.

У гэтым звязку цікавая рэакцыя на натаўскія вучэнні Масквы і Менска. Крэмль традыцыйна ўспрымае гэтыя вучэнні як праяву несяброўскіх дзеянняў з боку Вашынгтона, які нахабна нарошчвае вайсковую прысутнасць у зоне інтарэсаў РФ. Ні пра якую суб’ектнасць Польшчы, Беларусі і Літвы пры такім падыходзе гаворка не вядзецца. У вачах расейскага істэблішменту будучыя вучэнні – гэта праява барацьбы за глабальнае лідарства паміж Расеяй і ЗША. Гэта значыць, што ад бліжэйшых саюзнікаў, да якіх у Маскве, вядома, адносяць Беларусь, чакаюць поўнага супадзення ў ацэнках ваенна-палітычных наступстваў актывізацыі NATO і, праграма максімум, згоды на размяшчэнне расейскіх вайсковых базаў у Беларусі.

Сыходзячы з логікі дзеянняў Масквы, вельмі цікава прааналізаваць выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра вучэнні “Абаронца Еўропы 2020”. “Усе павінны разумець: калі яны з намі збяруцца ваяваць, то мы будзем арыентавацца на тое, каб нанесці гэтым праціўнікам непрымальную шкоду”, — зазначыў Аляксандр Лукашэнка. У вайсковай навуцы гэты тэрмін — “непрымальная шкода” – мае досыць канкрэтнае значэнне. Калі паспрабаваць яго растлумачыць простымі словамі, то дзяржава, якая падверглася нападу, мае рэсурс на тое, каб знішчыць да 75% прамысловага патэнцыялу агрэсара і да 30% жывой сілы. Такі вынік у сучасным свеце можа быць дасягнуты толькі праз выкарыстанне ядзернай зброі, якой Беларусь ад пачатку 1990-х гадоў не валодае. Зрэшты, пры ўсім аптымістычным стаўленні да вайсковага патэнцыялу Беларусі нешта цьмяна ўяўляецца, як сярэдняя еўрапейская дзяржава можа супрацьстаяць 29 наймагутнейшым эканомікам свету, якія выдаткоўваюць каля 70% ад сусветнага аб’ёма на вайсковыя выдаткі.

Разам з тым, нягледзячы на аб’ектыўны дысбаланс сілаў, які назіраецца, калі супрацьпаставіць вайсковыя патэнцыялы NATO і Беларусі, Аляксандр Лукашэнка не спяшаецца прыбягаць да дапамогі Масквы. У межах той жа нарады ён заявіў, што “у нас саміх дастаткова сілаў і сродкаў для таго, каб рэагаваць на падобныя рэчы… Таму не трэба тут заклікаць увесь свет уставаць на абарону Беларусі. Мы самі можам сябе абараніць”. У гэтым адказе – уся сутнасць бягучай сітуацыі, калі беларускія ўлады, разумеючы магутнасць NATO, не спяшаюцца абвастраць адносіны з еўрапейскімі партнёрамі па жаданні бліжэйшага саюзніка. Таму ўсе гэтыя “гнеўныя” заявы афіцыйнага Менска – не больш чым рыторыка для палітычнай мабілізацыі насельніцтва і пераконвання Масквы ў тым, што прыярытэты знешняй палітыкі застаюцца ранейшымі.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ