Абмен вербальнымі ўколамі



Дзяржаўны тэлеканал АНТ выдаў сюжэт, змест якога ўявіць гадоў 10 таму было проста немагчыма. У адказ на папрок прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева, які раскрытыкаваў заяву кіраўніка беларускай дзяржавы пра “чужыя войны з часоў Напалеона, якія праходзілі хвалямі праз Беларусь”, прагучалі жалезабетонныя контраргументы. Вядучы Дзмітрый Семчанка адразу панізіў статус уяўнага апанента да свайго ўзроўню, назваўшы кіраўніка расейскага ўраду “цёзкам”. Потым у манеры, якая часта дэманструецца топ-журналістамі тэлеканалаў РФ, беларускі вядучы дэканструяваў пашыраны ў расейскім грамадстве мілітарысцкі міф пра тое, што перамога апраўдвае любыя ахвяры і сродкі.

Завочная дыскусія вакол гістарычнай памяці пра некалькі самых крывавых войнаў, пачынаючы з ХІХ стагоддзя, разгарнулася пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю казахстанскім журналістам патлумачыў сутнасць міратворчай палітыкі Беларусі. У прынцыпе кіраўнік беларускай дзяржавы не сказаў нічога для беларусаў сенсацыйнага. Ён досыць стрымана выказаўся пра тое, што ўсе войны, якія праходзілі праз нашую краіну, былі чужымі і прынеслі многа гора і разбурэнняў. Нечакана на гэты бяскрыўдны каментар абрынулася цяжкая артылерыя ў выглядзе аднаго з кіраўнікоў РФ. Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што “дзіўна чуць такія словы, нельга кідаць цень на подзвіг продкаў”.

З пункту гледжання расейскага гістарычнага наратыва ўсе тры вайны (вайна 1812 года з Напалеонам, І Сусветная, ІІ Сусветная) мелі характар усеагульнага і вызвольнага чыну, таму ў дачыненні, прынамсі, да дзвюх з іх у Расеі прынята выкарыстоўваць прыстаўку “айчынная”. У беларускай гістарычнай навуцы за апошнія дзесяцігоддзі склалася больш адэкватная і набліжаная да рэчаіснасці інтэрпрэтацыя тых падзей, калі фокус даследчыкаў сканцэнтраваны збольшага на трагедыі народу. Такі падыход, зрэшты, блізкі да сучасных гуманітарных канцэпцый, што спрабуюць адысці ад абагульняючых шаблонаў макрагісторыі.

Вядоўца тэлеканала АНТ, каб паставіць кропку ў гістарычнай спрэчцы, дэтальна прайшоўся па ўсіх трох падзеях, якія па-рознаму ацэньваюцца сучаснымі беларускай і расейскай гістарыяграфіямі. Аналіз гэтага выступу дазваляе прасачыць тэндэнцыі ў афіцыйнай ідэалогіі, якая апошнім часам дыстанцуецца ад аднабаковага і прымітыўнага бачання тых войнаў. І гэта з’яўляецца ў пэўнай ступені рэвалюцыйнай з’явай, паколькі да гэтага падобны дыскурс дамінаваў у вузкіх акадэмічных колах, але не трансляваўся на масавую аўдыторыю. Згодна пазіцыі, агучанай у відэасюжэце тэлеканала АНТ, вайна з Напалеонам стала магчымай пасля парушэння Расейскай імперыяй Тыльзіцкага міру. І Сусветная была навязаная Беларусі ўступленнем у вайну расейскага цара Мікалая ІІ. Што да ІІ Сусветнай, то дзяржаўны тэлеканал падкрэсліў аб’ектыўную рэч, што ў Беларусі надаецца ўвагі падзеям 1941-1945 гадоў куды больш увагі, чым у некаторых іншых дзяржавах. І – фінальны акорд – вядоўца прайшоўся па аматарах наляпіць наклейку на аўто “можам паўтарыць” тым, што ў Беларусі замест таннага папулізма вядуцца канструктыўныя работы па мемарыялізацыі подзвіга народа ў выглязе рэканструкцыі манумента на Плошчы Перамогі. У цэлым з’яўленне падобнага відэа, якое спрабуе аналізаваць падзеі ІІ Сусветнай вайны з нацыянальных пазіцыі і без мілітарысцкіх клішэ, трэба вітаць. Беларуская дзяржава, нарэшце, пачынае рэфлексаваць над мінулым, адыходзячы ад савецкіх прапагандысцкіх штампаў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ