Абставіны справы Чудзянцова 



Вось ужо некалькі дзён пад вартай знаходзіцца журналіст Уладзімір Чудзянцоў. Гэтага чалавека, калі сыходзіць з паведамленняў адваката, праваахоўнікі затрымалі пры перасячэнні беларуска-польскай мяжы па падазрэнні ў кантрабандзе пакеціка марыхуаны вагой менш за 1 грам. Амаль адначасова на менскай кватэры журналіста прайшоў ператрус, падчас якога нібыта былі знойдзеныя таксама псіхатропныя рэчывы. Сам затрыманы сцвярджае, што пакецік з наркотыкамі быў падкінуты яму, калі ён пайшоў у прыбіральню ў цягніку, пакінуўшы рэчы без нагляду. Дарэчы, як гаворыць адвакат Аляксандр Галіеў, нават з дадзеных афіцыйнай экспертызы вынікае, што ў крыві затрыманага няма слядоў ужывання наркотыкаў. Такім чынам, абставіны затрымання Чудзянцова, калі адштурхоўвацца толькі ад вядомых публіцы фактаў, выглядаюць вельмі падазронымі. Улічваючы ж высокую ступень недаверу да праваахоўных органаў у Беларусі з боку насельніцтва, версія пра сфабрыкаваны характар справы не з’яўляецца такой ужо малаверагоднай.

Навошта сілавікам спецаперацыя вакол Уладзіміра Чудзянцова? Да нядаўняга часу прозвішча гэтага журналіста было вядомым вузкаму колу журналістаў, для якіх не было сакрэтам, што ён мае вельмі неадназначную рэпутацыю. У 1990-я гады Чудзянцоў “праславіўся” шэрагам прапагандысцкіх матэрыялаў у дзяржаўнай прэсе, у якой ён ганьбіў тытульную апазіцыю. Сярод ахвяраў Чудзянцова, які тады пісаў пад сапраўдным прозвішчам Зуеў, быў адзін з найбольш аўтарытэтных дэмакратычных палітыкаў Генадзь Карпенка. За свае паклёпніцкія публікацыі Зуеў-Чудзянцоў нават атрымаў ад БАЖ узнагароду ў выглядзе антыпрэміі “Ганаровы крумкач”. У пазнейшыя часіны, як сцвярджаў сам Чудзянцоў, ён змяніў свае погляды кардынальным чынам. З новым прозвішчам ён пачаў працаваць на партале TUT.BY, дзе, дзякуючы добраму стылю, стаў адным з лепшых аўтараў. Пазней, калі ў ім пазналі былога прапагандыста, ён зноў сарваўся ў Фэйсбуку, за што і быў звольнены. Карыстальнікі Фэйсбука запомнілі вострага на язык і неталерантнага Чудзянцова, які выказваўся супраць раварыстаў, сабачнікаў, аўтамабілістаў і многіх іншых катэгорый насельніцтва. Словам, не баяўся грамадскай рэакцыі. Пазней ён стаў заснавальнікам партала навінаў, які падаваў інфармацыю у досыць спецыфічным аўтарскім стылі. Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе партал Чудзянцова стаў адным з рупараў, як кажуць у Крамлі, русафобіі, за што нават быў унесены ў чорны спіс у Расеі.

І вось пасля ягонага падазронага затрымання найпапулярнейшы відэаблогер Сцяпан Пуціла, ён жа Нехта, заявіў, што Чудзянцоў з’яўляецца адным з ягоных памочнікаў у шэрагу праектаў, у тым ліку ў межах падрыхтоўкі рэзананснага фільма “Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы”. Паводле блогера, Чудзянцоў, ведаючы пра патэнцыйную небяспеку, спрабаваў выехаць у Польшчу, але быў зняты па дарозе беларускімі сілавікамі.

Цікава, што затрыманне адыёзнага журналіста раздзяліла меркаванні журналісцкай і праваабарончай супольнасці. Самыя вядомыя арганізацыі, якія абараняюць рэпрэсаваных у Беларусі яшчэ з 1990-х гадоў БАЖ і “Вясна”, даюць асцярожныя ацэнкі, не надта выяўляюць актыўнасць у абароне Чудзянцова. Тым часам як у ягоную падтрымку выказваюцца маладыя журналісты, відэаблогеры і інтэрнаўты. Збор сродкаў на адваката для Чудзянцова на адной з краўдфандынгавых платформаў стаў рэкордным. За пару дзён ахвярадаўцы пералічылі каля 5 тысячаў долараў.

Уладзімір Чудзянцоў – надзвычай супярэчлівы чалавек, што робіць практычна немагчымым шырокую праяву салідарнасці з боку грамадзянскай супольнасці. Відаць, таму ён і стаў ідэальным аб’ектам для пераследу.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ