Аляксей Навальны вяртаецца ў Расею



Асабісты вораг Пуціна і таленавіты блогер-выведнік Аляксей Навальны вяртаецца ў Расею. Нягледзячы на тое, што дома яго чакаюць цалкам сабе рэальны турэмны тэрмін і прэсінг з боку ўладаў, палітык дэманстратыўна пасылае сігнал расейскаму грамадству, што ён гатовы кінуць пальчатку свайму візаві, які хаваецца за высокімі крамлёўскімі мурамі. Вяртанне на радзіму Аляксея Навальнага, як і ранейшыя яго шумныя акцыі, абстаўленае па ўсіх канонах піара. Нават авіякампанія, бортам якой будзе ляцець расейскі апазіцыянер, называецца “Перамога”, што як бы намякае на настрой палітыка.

Аляксей Навальны вяртаецца ў Расею пасля вельмі цяжкага лячэння, якое ён праходзіў у лепшых клініках Францыі і Нямеччыны. Па сутнасці, еўрапейскія лекары выратавалі яму жыццё, выцягнуўшы палітыка з комы, у якую ён трапіў пасля атручання знакамітым “Навічком”. Некалькі тыдняў таму Аляксей Навальны разам з вядучымі еўрапейскімі выведніцкімі супольнасцямі, у тым ліку Bellingcat (агенцыі, якая займалася расследаваннямі дзясяткаў гучных справаў), апублікаваў у некалькіх сусветных СМІ матэрыял пра замах на ягонае жыццё, які меркавана рыхтавалі расейскія спецслужбы. Цягам апошніх гадоў, як вынікае з публікацыі, палітыка нябачна суправаджалі цэлыя аддзелы агентаў са спецыфічнымі ведамі ў галіне таксікалогіі і фармакалогіі. У відэа, якое за пару гадзін увайшло ў трэнды ютуба, пераканаўча распавядаецца пра злачынныя планы расейскіх спецслужбаў, якія ад беспакаранасці не надта пераймаюцца нават прыхаваннем намераў па ліквідацыі апанентаў рэжыму. Праз некалькі дзён пасля нашумелага відэа Навальны выдаў чарговы забойчы доказ пра датычнасць кіраўніцтва РФ да планаў па ягонай ліквідацыі. Адзін са спецслужбістаў-удзельнікаў групы, якая цікавала за Навальным, фактычна прызнаўся ў сваёй дзейнасці па тэлефоне, прыняўшы свайго суразмоўцу за высокага маскоўскага начальніка. Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін, зрэшты, не асабліва шукаў аргументы, каб давесці сваю невінаватасць. Ён, усміхаючыся, заявіў на адным з публічных мерапрыемствах штосьці накшталт таго: “Каб хацелі, то забілі б.”

І вось Аляксей Навальны пасля ўсяго таго, што з ім адбылася ў РФ і з’яўляючыся фігурантам крымінальнай справы, вырашыў вярнуцца. Ягонае рашэнне з захапленнем успрыняла не толькі частка расейскага грамадства, але і беларуская аўдыторыя. Некаторыя пайшлі яшчэ далей, паставіўшы ўчынак Навальнага ў прыклад беларускім палітычным эмігрантам. Аднак, прызнаючы мужнасць Навальнага, усё-такі параўнанне лідара расейскай апазіцыі з той жа Святланай Ціханоўскай, мякка кажучы, не з’яўляецца карэктным. Нягледзячы на ўсе заслугі расейскага блогера, ён не дабіўся тых вынікаў, якіх дабілася беларуская грамадзянская супольнасць і яе цяперашні намінальны лідар Святлана Ціханоўская. Апублікаваныя ў сеціве ў адкрытым доступе пратаколы са многіх выбарчых участкаў, а таксама іншыя ўскосныя прыкметы, паказваюць, што пры справядлівым падліку галасоў вынік так званых выбараў хутчэй бы быў дыяметральна супрацьлеглым тым лічбам, якія агучыла ЦВК. Адпаведна, вяртанне на радзіму беларускай лідаркі – гэта падзея іншага маштабу, якая можа адбыцца пры ўмове максімальнай мабілізацыі беларускага грамадства і гарантыях бяспекі з боку ўлады. А гэтыя ўмовы на дадзены момант не могуць быць забяспечаныя па аб’ектыўных прычынах. Таму яе знаходжанне за мяжой – гэта не ўцёкі, а камандзіроўка, якая зацягнулася да вырашэння ўнутрыпалітычных пытанняў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ